На «Белсаце» – альтэрнатыўны погляд на Дзень Перамогі


22 чэрвеня 1941 года распачалася адная з найбольш крывавых войнаў чалавецтва паміж двума таталітарнымі рэжымамі – Савецкім Саюзам і нацысцкаю Нямеччынаю. У Дзень Перамогі, 9 траўня, – на «Белсаце» альтэрнатыўны, праўдзівы погляд на тое, што адбывалася падчас Другое сусветнае вайны.

У аўторак а 12:05 глядзіце дзве часткі дакументальнага фільму «Праклятыя і забытыя». Гэтая стужка – пра беларусаў, якія марылі пра нацыянальнае адраджэнне краіны, яе дабрабыт і самавызначэнне. Паміж нацысцкаю Нямеччынай і Савецкім Саюзам яны на сваё разуменне выбіралі меншае зло.

А 16:45 – неверагодная гісторыя, якая здарылася падчас Другое сусветнае вайны. Дакументальны фільм «Войтэк – мядзведзь, які пайшоў на вайну». У Арміі генерала Андэрса поплеч з беларусамі служыў сапраўдны мядзведзь, які суправаджаў сваіх паплечнікаў на варце, а падчас бітвы пад Монтэ-Касіна… насіў скрыні з боепрыпасамі!

А 21:35 запрашаем на праграму «Intermarium. Міжмор’е» прысвечаную партызанскаму руху ў Беларусі падчас Другое сусветнае вайны. Павал Мажэйка разам з гасцямі студыі – гісторыкамі з Беларусі і Польшчы – спрабуюць па-іншаму паглядзець на гэтыя падзеі.

А 22:10 паказваем, як вайна адбіваецца ў душах і сэрцах тых, хто яе прайшоў. Жахлівыя падзеі – у мастацкім фільме «Венецыя», паказаная майстрам – рэжысёрам Янам Якубам Кольскім праз уяўленні падлетка, уцёкі ў свет фантазіі ды магіі. Адзінаццацігадовы Марэк з дапамогаю сваіх цётак стварае пад зямлёй уласную Венецыю, каб адцягнуць думкі ад суворае рэчаіснасці Другое сусветнае вайны. Там ён можа занурыцца ў падземную атмасферу мараў, якая здаецца штораз рэальнейшаю за атмасферу на паверхні зямлі.

Праграмы ды фільмы, прысвечаныя Дню Перамогі, 9 траўня можна будзе глядзець і онлайн.

Каментары