Момант шчасця пасля добрага стрэлу


 

Сафары (Safari), дакументальны фільм
рэж. Ульрых Зайдль (Ulrich Seidl), 2016 г., Аўстрыя

Даўно мінуў час, калі людзі палявалі дзеля здабывання ежы. У наш час паляванне – гэта забава для багатых турыстаў, якія забіваюць дзеля здавальнення. Цывілізаваныя еўрапейцы сем’ямі прыязджаюць у Афрыку, каб перажыць «момант шчасця пасля добрага стрэлу». Падстрэліць экзатычных жывёлінаў, сфатаграфавацца ля трупаў, а пасля ўпрыгожыць здабытымі трафеямі свае інтэр’еры. Пры гэтым пакуты жывёлы турыстаў-паляўнічых не турбуюць. Штогод зброя і амуніцыя ўдасканальваюцца, бізнес з сафары квітнее, а фаўна Чорнага кантыненту зазнае непапраўную шкоду.

Аўстрыйскі рэжысёр Ульрых Зайдль з халоднай дыстанцыяй прыглядаецца да сваіх герояў, не каментуючы іхных дзеянняў. Мы бачым, з якою стараннасцю яны рыхтуюцца да забойстваў, як хвалююцца і цешацца з удалага стрэлу.

Яны не толькі не бачаць нічога дрэннага ў забойстве жывёлінаў, але нават адчуваюць, што выконваюць пэўную місію. Замест слова «забіць», яны кажуць «пакласці» жывёлу.

Фільм утрымлівае жорсткія здымкі.

Дакументальную стужку «Сафары» глядзіце ў суботу 2 студзеня а 18:20.

Каментары