Адзін з найлепшых серыялаў «Бі-Бі-Сі» на «Белсаце»


На «Белсаце» знакаміты пісьменнік-натураліст Джэралд Дарэл, а дакладней – серыял, зняты паводле ягоных кніжак. Штонядзелю ўвечары – бліскучая экранізацыя ад «Бі-Бі-Сі».

Гісторыя разгортваецца ў 1935 годзе, калі бедная ангельская сям’я, што страціла галоўнага кармільца, перабіраецца на грэцкую выспу Корфу. Чацвёра дзяцей ды тузін жывёлінаў у хатнім заапарку – паспрабуйце ўявіць, як пракарміць гэткую зграю самотнай удаве. На дапамогу прыходзіць грэцкая гасціннасць, а таксама нешматлікія замежнікі, што ўцяклі з халоднай Еўропы.

Сямейства Дарэлаў – гэта чацвёра дзяцей, якія не хочуць ні вучыцца, ні працаваць, ні дапамагаць у хатняй гаспадарцы. Выглядае, што дзеці ненавідзяць адно аднога. Нездарма першую частку сваёй трылогіі Джэралд Дарэл назваў «Мая сямʼя ды іншыя звяры». Сапраўды, паводзіны Дарэлаў – дзікунскія, але з цягам часу вы зразумееце, што гэта толькі вонкавае ўражанне.

Фільм поўны гумару і камічных сцэнаў ды будзе даспадобы ўсім. Але, на жаль, яго нельга назваць у поўнай меры «дзіцячым». Запрашаем штонядзелю, а 21:35, на серыял «Дарэлы».

Каментары