Лебядзіная песня СССР. Згадваем падзеі Жнівеньскага путчу


З нагоды 27-ай гадавіны Жнівеньскага путчу 1991 года тэлеканал «Белсат» паказвае нашумелы дакументальны фільм Сяргея Лазніцы «Падзея».

Няўдалую спробу дзяржаўнага перавароту распачала ў Маскве ў жніўні 1991 года група рэакцыянераў з ЦК КПСС. Гэтая падзея стала прэлюдыяй краху савецкага рэжыму.

У той час, як прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова гвалтам утрымлівалі ў ягонай крымскай рэзідэнцыі, дзяржаўныя тэле- і радыёстанцыі, кантраляваныя путчыстамі, транслявалі замест выдання навінаў «Лебядзінае возера» Чайкоўскага, натоўпы пратэстоўцаў збіраліся каля Белага Дому ў Маскве, каб бараніць штаб-кватэру дэмакратычнай апазіцыі, якую вёў Барыс Ельцын; у Ленінградзе тысячы разгубленых, спалоханых, усхваляваных людзей таксама выйшлі на вуліцы, каб стаць часткаю падзеі, якая, здавалася б, мусіла змяніць іхны лёс.

Праз чвэрць стагоддзя Сяргей Лазніца звяртаецца да драматычных падзеяў жніўня 1991 года. Што ж сапраўды адбылося ў Расеі ў жніўні 91-га? Што за сіла кіравала натоўпам на Дварцовай плошчы ў Ленінградзе? Хто гэтыя людзі, які глядзяць у камеру: пераможцы ці ахвяры?

Глядзіце 18 жніўня, у суботу, а 19:05 дакументальны фільм Сяргея Лазніцы – «Падзея». Фільм можна паглядзець на тэлебачанні і онлайн, на нашай старонцы.

Каментары