Кіно з вуснаў у вусны


Разам з журналісткаю Марыяй Чыквін спазнаем гісторыю мастацкай суполкі «Беларускі клімат», якая паўстала больш за трыццаць гадоў таму – у 1987 годзе.

У той час, калі пакрысе праяўляліся пробліскі лібералізму ў розных сферах жыцця нашага грамадства, мастакі і артысты былі ў авангардзе, спрабуючы адчуць межы сапраўднай свабоды.

Удзельнікі «Беларускага клімату» займаліся «хаатычнаю творчасцю», рэалізоўвалі праекты ў розных кірунках: фатаграфія, жывапіс, графіка, інсталяцыя, тэатр, хэпінінг, перформанс, канцэптуальнае мастацтва, музыка і паблік-арт. Самым жа цікавым плодам дзейнасці руху сталася «звуснае кіно» – кіно з вуснаў у вусны, якое мастакі вынайшлі, каб абысці фінансавыя цяжкасці ды каб не абмяжоўваць сябе ў сродках выказвання. Аўтары звуснага кінематографу даюць толькі словы, якія апісваюць тое, што тэарэтычна магло б адбывацца падчас паказу звычайнай кінастужкі.

Заснавальнікі «Беларускага клімату» Дзмітрый Строцаў, Ігар Корзун і Дзмітрый Плакс распавядуць пра феномен суполкі ды пра свае найцікавейшыя праекты.

Прэм’еру чарговага выдання серыі рэпартажаў «Беларускі клімат» глядзіце ў суботу, 28 ліпеня, а 20:30.

Каментары