Хто ён – галоўны канкурэнт Лукашэнкі?


Толькі адзін беларус можа зраўнацца з Лукашэнкам у плане вядомасці: Пятро Машэраў. Што добрага зрабіў палітык для Беларусі, і за што яго так любяць? У ток-шоу «Кожны з нас» гучаць галасы калегаў Машэрава, ягоных сучаснікаў і сваякоў.

Ці не занадта ідэальны і міфалагізаваны вобраз палітыка? Машэраву ў заслугу ставяць эканамічны ўздым Савецкай Беларусі. Але ж варварская меліярацыя, татальная русіфікацыя ды знішчэнне гістарычных помнікаў – гэта ўсё таксама адбывалася ў гады ягонага кіравання. Хто вінаваты, што беларусы забыліся на сваю мову ды гісторыю? Хто павінен адказваць за знішчэнне флоры і фаўны на беларускім Палессі? Навукоўцы ды спецыялісты, што стаялі на чале камісіяў, міністэрстваў ды аддзелаў ці той, хто паставіў подпіс?

У праграме прагучаць факты і версіі, якія дапамогуць знайсці адказ на пытанне: хто ён такі, Машэраў? Былая дыктарка Беларускага тэлебачання Зінаіда Бандарэнка, кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, мастакі Алесь Марачкін ды Мікола Купава, а таксама іншыя госці праграмы «Кожны з нас» паспрачаліся, адстойваючы свой пункт гледжання.

На фота, з права на лева: Пятро Машэраў, Генадзь Бураўкін
На фота, з лева на права: Пятро Машэраў, Генадзь Бураўкін

«Рабі сваю справу. Чыноўнікі не асмеляцца табе замінаць, ведаючы, што ў цябе за спінай стаю я», – гэтак сказаў Машэраў у свой час кіраўніку Беларускага тэлебачання Генадзю Бураўкіну.

Вядоўца праграмы Глеб Лабадзенка не абмінуў і самай галоўнай загадкі: смерці Пятра Машэрава. Ці быў гэта спланаваны акт або ўсё ж фатальная выпадковасць? Адмыслова для «Белсату» ў студыі праграмы «Кожны з нас» – сенсацыйныя сведчанні чалавека, якога прызналі вінаватым у аўтакатастрофе, у каторай загінуў Пятро Машэраў, а таксама тых, хто праходзіў у справе. Прэм’ера праграмы – ў пятніцу, 14 верасня, а 18:35.

 

Каментары