Галерэя пад адкрытым небам


https://www.youtube.com/watch?v=7OWHnjF3_jI

Для гэтага мастака вуліца стала не толькі майстэрняй, але і домам. Дакументальная стужка «Скрыжаванне» паказвае няпросты лёс таленавітага і незвычайнага беларуса.

Для гомельцаў бяздомны блакітнавокі дзядок, які малюе «карцінкі», – мясцовая славутасць. Для мастацтвазнаўцаў – феномен, варты пільнай увагі, сур’ёзны і самабытны мастак. А для аўтараў стужкі – чалавек, які малюе не проста жыццё, а асаблівы погляд на яго, сваю філасофію, уласнае ўяўленне пра дабро і зло.

У фільме «Скрыжаванне» паказаны адзін год жыцця мастака Валерыя Ляшкевіча, які жыве не так, як усе. На першы погляд, ён здаецца дзіваком. Але калі прыгледзецца, у ягоным пошуку гармоніі можна выявіць больш здаровага сэнсу, чымся ў пагоні людзей за зманлівымі выгодамі.

За вонкавай стойкасцю і бескампраміснасцю героя не адразу атрымоўваецца заўважыць драму бясконца самотнага чалавека. Змяняюцца поры года, мінаюць людзі і лёсы, а ягонае жыццё спынілася – замерла на «скрыжаванні».

Стужка «Скрыжаванне» Настассі Мірашнічэнкі была адзначаная ўзнагародамі найбуйнейшых расейскіх і польскіх кінафестываляў, а ў 2014-м перамагла ў нацыянальным конкурсе фестывалю «Лістапад» у Менску.

Дакументальная стужка «Скрыжаванне» на «Белсаце» ўжо ў суботу а 18:40. Глядзіце таксама онлайн на нашай старонцы.

Каментары