Фатограф з Даніі на дахах Менску


У наступным выданні праграмы «Welcome у Беларусь» мы прапануем зірнуць на Менск вачыма фатографа, дызайнера і арт-дырэктара з Даніі Жана-Мары Бабоно, якому да спадобы прыйшліся гіганцкія літары на дахах менскіх будынкаў.

Жан-Мары лічыць літары на дамах гораду культурніцкай каштоўнасцю, вартай асаблівай увагі. Каб пераасэнсаваць прастору з перспектывы манументальных кірылічных словаў, ён плануе фатаграфаваць на дахах сталіцы. Шлях фатографа і ягонай сяброўкі Мануэль на дахі пралягае праз экзатычныя для іншаземцаў прамысловыя раёны гораду і кавярні з сапраўднымі французскімі круасанамі. Жан-Мары поўны натхнення, але не жадае парушаць закону. Ён спрабуе атрымаць у аховы будынкаў з літарамі дазвол падняцца на дах, але паўсюдна атрымлівае адмовы.

Ягор, адзін з дасведчаных руфераў (спецыялістаў у дахах гораду), прапанаваў дапамагчы нашаму герою. Каб трапіць на дахі незаўважанымі ім прыйшлося апрануць спецадзенне менскіх працаўнікоў камунальнай гаспадаркі. Дзе-нідзе прыйшлося нават рызыкаваць жыццём, каб ускараскацца па супрацьпажарных лесвіцах. Але ўсё будзе добра, і захапляльны дух беларускіх прыгодаў усё ж падыме фатографа па над зямлёю.

Жан-Мары скончыў Нацыянальную школу фатаграфіі ў Францыі, быў асістэнтам заснавальніка міжнароднага фотафестывалю ў Арлі акадэміка Люсьена Клерга, супрацоўнічаў з Б’ёрк і Дэйвідам Лінчам. Болей у праграме «Welcome у Беларусь», у нядзелю, 12 жніўня, а 20:35.

Каментары