Электронны цуд Беларусі на музычнай пляцоўцы «Белсату»


У новым выданні аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна – праект Наталлі Куніцкай «Mustelide», які ведаюць далёка за межамі краіны.

За тры гады свайго існавання праект «Mustelide» даў каля сотні канцэртаў па ўсім свеце – ад Паўднёвага Сахаліну да ЗША. Электронная прадзюсарка з Менску Наталля Куніцкая грала ў клубах і на фестывальных пляцоўках у дзясятках краінаў свету, а ейны альбом назвалі найлепшым у сваім кірунку ў Беларусі. Наталлю і яшчэ 25 музыкаў нават выбралі сярод 4 тысячаў удзельнікаў адбору для ўдзелу ў музычным праекце «OneBeat».

У размове з вядоўцаю Мірай Шульц спявачка, паэтка і кампазітарка распавядзе аб самых незвычайных месцах, у якіх ён даводзілася выступаць, аб праектах, у якіх ёй пашчасціла ўзяць удзел. Сярод ейных дасягненняў – праца з Вячалавам Коранем у гурце «Ulis», калі Наталлі было ўсяго толькі 17 гадоў, праца з гуртом «Срэбнае вяселле» ды іншымі беларускімі калектывамі. Аднак цяпер Наталля і ейны праект «Mustelide» пачуваюцца добра самастойна.

«Я б хацела працягваць быць адна і рабіць тое, што я адчуваю», – кажа Наталля Куніцкая.

Выканаўца таксама пакажа ўзоры жывой электроннай музыкі, якая выконваецца без выкарыстання лэптопу. Пачуць ейныя песні можна будзе ў прэм’ерным выданні праграмы «Belsat Music Live» ў суботу, 10 лютага, а 21:15 праз тэлевізар, а таксама онлайн.

Каментары