Дзявочае каралеўства «KRIWI»


У апошнім выданні сезону аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна «Belsat Music LIVE» выступіць гурт, дзякуючы якому беларускі фолк гучыць на цэлы свет.

Гурт «KRIWI» святкуе сёлета сваё 21-годзе. За гэты час гурт змяніў некалькі складаў і цяпер жартаўліва называе сябе дзявочым каралеўствам, а ўсё дзякуючы траім цудоўным вакалісткам: нязменнай лідарцы, адной з заснавальніц гурта Вераніцы Кругловай, колішняй удзельніцы гурта «Джамбібум» Насце Хмель і вакалістцы гурта «Harotnica» Валерыі Валадзько, якая з «KRIWI» звязаная бадай жа з самага маленства, калі спявала ў ім на бэк-вакале.

Паводле Веранікі Кругловай, якая паспела за гэты час паўдзельнічаць у шматлікіх праектах і паспрабаваць сябе ў розных музычных жанрах, «KRIWI» заўсёды будуць займаць асаблівае месца ў ейным сэрцы.

«KRIWI» – гэта Радзіма. Гэта шыкоўная беларуская мова. Гэта жаночыя песні, жаночая энергія. Без гэтага нельга. Быць музыкам і гэтага не ведаць – немагчыма».

У студыі «Belsat Music LIVE» прагучаць самыя актуальныя песні ў абноўленых аранжыроўках і зусім новыя творы.

Не прапусціце «Belsat Music LIVE» у суботу, 2 чэрвеня, а 21:15

Каментары