«Belsat Music LIVE» – тэлегід па найлепшых беларускіх фестывалях


Рэдакцыя праграмы «Belsat Music LIVE» наведала самыя адметныя беларускія фэсты гэтага лета. «Басовішча», «Viva Braslav», «Рок за баброў», «Mirum Festival», творчы вечар Міхалка на хутары Шаблі – усе галоўныя падзеі фестывальнага лета.

Сяргей Будкін паразмаўляў з Уладзімірам Шаблінскім і спытаў у вядомага беларускага прадзюсара, ці проста ў Беларусі арганізаваць музычны канцэрт.

«Апошнім часам да мясцовай улады прыходзіць разуменне, што прыватным ініцыятывам у галіне культуры можна давяраць», – дзеліцца сваім назіраннем Уладзімір Шаблінскі.

Прадзюсар распавёў пра арганізацыю мінулага акустычнага канцэрту Сяргея Міхалка на хутары Шаблi ды падзяліўся стаўленнем да свята збору ўраджаю.

Таксама Сяргей Будкін трапіў на самы вялікі рэгіянальны фэст на беразе возера Дрывяты – «Viva Braslav».

Беларускі гурт «IOWA», які ўпершыню выступіў на беларускім музычным фестывалі, прызнаўся Сяргею ў сваёй прыналежнасці.

«Як вы ўспрымаеце, што вас называюць расейскім гуртом?» – «Мы беларусы, – адказвае Кацярына Іванчыкава. – Хтосьці канкрэтна памыліўся!»

Міра Шульц на штогадовым оўпэн-эйры «Mirum Festival», які праходзіць каля муроў Мірскага замку, запытала ў Паліны Рэспублікі пра інтымныя моманты ейнага жыцця, знайшла «чароўнага чалавека», які дапамог дуэту «NaviBand» падчас канцэрту, а таксама ўзяла вялікае інтэрвʼю ў вядомай украінскай спявачкі Джамалы, якая прэзентавала на «Mirum Festival» новую песню.

Пасля выдання «Belsat Music LIVE» глядзіце толькі на тэлеканале «Белсат» тэлеверсію канцэрту з фестывалю «Басовішча-2017». Гэдлайнеры сёлетняй імпрэзы – гурты «Akute», «NaviBand», «Стары Ольса» ды кіеўская каманда «Вагоновожатые».

У суботу а 20:30 глядзіце ў новым восеньскім тэлесезоне прэм’ернае выданне аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна «Belsat Music LIVE», а пасля праграмы, а 22:00 – канцэрт з фестывалю «Басовішча».

Каментары