Беларусы ў Сібіры


За некалькі тысяч кіламетраў ад Беларусі, у заходняй Сібіры, у беларускіх вёсках жывуць нашчадкі перасяленцаў, якія ў пачатку ХХ ст. у пошуках лепшае долі выехалі з Магілёўскай, Віцебскай, Гарадзенскай губерняў. Дакументальная стужка «Самаходы» паказвае іх штодзённае жыццё.

Яны называюць сябе, як і іхныя дзяды з бацькамі, самаходамі, бо прыйшлі ў Сібір з уласнае волі ды сваёй хадою. У аповедах, успамінах і размовах герояў паўстаюць лёсы трох пакаленняў перасяленцаў.

Яны захавалі тое, што лучыць іх з Беларуссю: беларускае вымаўленне, гутарковыя словы, песні, некаторыя абрады і, галоўнае, памяць пра сваё паходжанне.

У стужцы «Самаходы» вы пабачыце, як гатуюць традыцыйны напой – самаробнае самаходскае піва, хмель для якога прывезлі з Беларусі, прыслухаецеся да бяседнікаў за гасцінным сібірскім сталом і паспрабуеце зразумець, чаму вось ужо больш за сто гадоў беларуская радзіма жыве ў іхных сэрцах, чаму яны называюць сябе беларусамі.

Дакументальны фільм «Самаходы» глядзіце ў нядзелю, а 19:20, а таксама онлайн на нашай старонцы.

Каментары