Альтэрнатыўны погляд на падзеі Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў


22 чэрвеня 1941 года распачалася адна з найбольш крывавых войнаў чалавецтва паміж двума таталітарнымі рэжымамі – Савецкім Саюзам і нацысцкаю Нямеччынаю. З гэтае нагоды «Белсат» падрыхтаваў адмысловую праграму. Глядзіце ўвесь тыдзень праграмы і дакументальныя фільмы, звязаныя з Другой сусветнай вайной. Мы згадаем трагічныя падзеі без афіцыёзу, праўдзіва, па-іншаму.

19 чэрвеня, а 17:50 – дакументальны фільм, зроблены на замову тэлеканалу «Белсат» – «Лінія Сталіна на дзіцячай далоні».

Сталінскія рэпрэсіі не абмінулі наймаладзейшых грамадзянаў СССР: дзяцей «ворагаў народу» змяшчалі ў інтэрнаты, ім змянялі прозвішчы. Падлеткаў, старэйшых за 12 гадоў, можна было высылаць у лагер на 8 гадоў паводле артыкулу «чалец сям’і ворага народу». Пра сталінскі тэрор апавядаюць сведкі, былыя дзеці-арыштанты.

20 чэрвеня, а 18:10«Небяспечны архіў. Рэабілітацыя». Таямнічае забойства Хасі Пруслінай, былой актывісткі менскага антыфашысцкага падполля, якая хавала ў сябе дзве тэчкі з архіўнымі звесткамі пра менскае падполле.

Менскіх падпольшчыкаў называлі здраднікамі, агентамі абвэру. Унікальны архіў Хасі Пруслінай стаў абвінавачаннем камуністычным бонзам, імёнамі якіх дагэтуль названыя вуліцы беларускіх гарадоў. Каму была патрэбная смерць актывісткі?

22 чэрвеня, а 18:10, дакументальны фільм «Лінія Сталіна. Гонар ці ганьба?».

Лінія Сталіна – гэта шэраг умацаванняў, якія паўсталі ў 1930-я гады ад Балтыкі да Чорнага мора, у тым ліку ўздоўж савецка-польскае мяжы. Гэтыя ўзмацненні амаль не бралі ўдзелу ў абароне на пачатак Вялікай Айчыннай. Танкавыя калоны Гудэр’яна іх не заўважылі. Аднак афіцыйная беларуская прапаганда выцягнула з каморы гісторыі рэшткі Лініі Сталіна, зрабіўшы з іх прыбытковае камерцыйнае прадпрыемства.

22 чэрвеня, пасля галоўных навінаў «Аб’ектыву», а 21:25 – запрашаем на праграму «Intermarium. Міжмор’е», прысвечаную партызанскаму руху ў Беларусі падчас Другое сусветнае вайны.

«Чаму, з аднаго боку, патрыёты ставілі за мэту незалежнасць Беларусі, з другога, мелі за саюзніка Райх?» – пытаецца ў гісторыкаў вядоўца Павел Мажэйка.

Павел Мажэйка разам з гасцямі студыі, гісторыкамі з Беларусі і Польшчы, не абмінаюць пытанняў беларускага калабарацыянізму, абмяркоўваючы нават самыя складаныя старонкі гісторыі.

Жорсткая праўда пра вайну падчас акупацыі Беларусі.

Праграмы і фільмы, прысвечаныя Другой сусветнай вайне, можна будзе глядзець і онлайн.

Каментары