3 гісторыі пра людзей, якія змагаюцца за свае правы


https://www.youtube.com/watch?v=be277dUsguo

Права на навучанне на роднай мове, права на атрыманне статусу ўцекача, права на грамадскае абмеркаванне гэтыя тэмы раскрывае праграма «Маю права».

Родная мова як вынятак

Маці-гераіня Святлана Радкевіч-Манько разам з мужам Вінцэнтам выхоўваюць пяцёра сваіх дзяцей на роднай мове. Але з часам рабіць гэта ўсё больш складана. За 25 гадоў незалежнасці нашае краіны колькасць беларускамоўных навучальных установаў няўхільна скарачаецца.

Шкада, што Міністэрства адукацыі не разумее той важнай функцыі, якая ляжыць на ўсёй сістэме адукацыі

 – кажа Алена Анісім, дэпутатка парламенту.

Старэйшая дачка Алеся навучалася ў беларускамоўных школе і ліцэі. Калі надышоў час ісці ў школу малодшым дзецям, адміністрацыя Фрунзенскага раёну Менску прапанавала бацькам толькі адну гімназію. Ніводнай звычайнай беларускай школы ў раёне няма.

Без статусу і радзімы

Іранец Мэхрдад Джамшыдыян жыве ў нашай краіне ўжо 23 гады, мае тут жонку і трох дзяцей. У 2012 годзе іранскія ўлады абвінавацілі яго ў забойстве брата і маці, але ён цалкам адмаўляе сваю віну.

На просьбу іранскай міліцыі хацелі мяне экстрадаваць,

– расказвае мужчына.

Яго не выслалі, бо іранскі бок не меў пераканаўчых доказаў ягонае віны. Мэхрдад спрабаваў атрымаць статус уцекача, але службы міграцыі яму адмовілі. З дапамогаю праваабаронцаў ён намагаўся аспрэчыць пастанову міграцыйных службаў у розных судовых інстанцыях. Але нават Вярхоўны Суд адхіліў ягоны пазоў. Цяпер спадар Мэхрдад спадзяецца атрымаць статус уцекача праз адмысловы савет пры кіраўніку краіны.

Корты замест дрэваў

У сталічным парку імя 60-годдзя Кастрычніка дзеля вызвалення пляцоўкі пад будаўніцтва тэнісных кортаў працаўнікі «Зялёнбуду» толькі за адзін дзень ссеклі каля 200 елак ды іншых дрэваў.

Пад тэнісныя корты ўлады намерыліся вылучыць тэрыторыю каля вадасховішча Цнянка. Дзякуючы актыўнасці мясцовых жыхароў пастанову вынеслі на грамадскае абмеркаванне. Папярэдне ўдалося сабраць больш за 3,5 тысячы подпісаў, што змусіла раённыя ўлады прыпыніць знішчэнне зялёнае зоны каля вадаёму.

«Маю права» глядзіце ў сераду а 19:05 гадзіне, а таксама онлайн на нашай старонцы.

Каментары