Свет ЗША: Двупартыйнае разбiральнiцтва


Якім чынам Крэмль умяшаўся ў амерыканскія выбары і што значна больш істотна – ці ведаў пра гэта Доналд Трамп і ягоная каманда.

Першыя слуханні ў гэтым пытанні пройдуць ужо заўтра. Пры чым нават сенатары рэспубліканцы не сумняюцца, што расейскае ўмяшальніцтва мела месца.

Нягледзячы на ўсе зняпраўджванні Белага Дому сувязяў з Крамлём, кантакты з расейскім амбасадарам Сяргеем Кісляком пад час выбарчай кампаніі вымушаныя былі прызнаць Генпракурор Джэф Сэшэнз і дарадца прэзідэнта ў пытаннях нацбяспекі Майкл Флін. Калі Генпракурор быў вымушаны ўзяць самаадвод на час разбіральніцтва, то Флін – падаў у адстаўку. І гэта ня ўсе падазраваныя ў сувязях з расейскімі пасадоўцамі чальцы адміністрацыі Трампа.

Паводле амерыканскай выведкі, расейскія хакеры пад час выбарчай кампаніі ўзламалі серверы дэмакратычнае партыі. Але магчыма гэта не адзіны чыннік расейскага ўплыву на амерыканскіх выбарах.

Сам Трамп усе падобныя абвінавачанні называе хлуснёй і спробамі Гілары Клінтан апраўдаць сваю паразу. Магчыма ў гэтым прычына імклівага падзення ягонай папулярнасці. Паводле апытання даследчай кампаніі Gallup, Трампа падтрымлівае толькі 35% амерыканскіх выбарнікаў, тады як амаль шэсцьдзесят адсоткаў – выступае супраць палітыкі амерыканскага лідара.

Каментары