Знос пасёлку вынеслі на грамадскае абмеркаванне праз... 40 гадоў


Чыноўнікі распачалі чарговую спробу знесці прыватную забудову дзеля будаўніцтва шматпавярховікаў

Знесці ў Менску каля васьмісот дамоў сельгаспасёлку пастанавілі амаль сорак гадоў таму. І вось цяпер праект дэталёвага планавання гэтае тэрыторыі чыноўнікі адміністрацыі Савецкага раёну вынеслі на грамадскае абмеркаванне. На слуханні прыйшло столькі чалавек, што школьная актавая зала не змагла змясціць усіх ахвочых. Ініцыятыўная група жыхароў пасёлку прапанавала трох сваіх сябраў для ўдзелу ў камісіі, што ладзіць грамадскія слуханні, але замест гэтага туды трапілі прадстаўнікі арганізацыяў-забудоўнікаў. Летась жыхары ўжо адрынулі папярэдні праект забудовы. Абмеркаванне будзе доўжыцца да 2-га снежня. А канчатковы лёс пасёлку вызначаць у кабінеце галоўнага архітэктара гораду.

Дзяржава лічыць, што цяжкія дыягназы знікаюць пасля паўналецця

Фенілкетанурыя (ФКУ) – хвароба, якая належыць да генетычных памылак, што ўплываюць на абмен рэчываў. Гэтае парушэнне не дазваляе арганізму засвойваць амінакіслату – фенілаланін, які ўтрымліваецца шмат у якіх прадуктах. У Беларусі такі дыягназ маюць 500 асобаў, сярод іх і 15-гадовы Дзіма Жызнеўскі. Юнак не можа спажываць звычайную ежу, таму, каб атрымліваць неабходныя арганізму амінакіслоты ды вітаміны, ён карыстаецца адмысловымі сумесямі. На месяц хлопцу трэба сем бляшанак, кошт адной каля 200 рублёў. Дзяржава забяспечвае хворых дзяцей сумесямі толькі да 18 гадоў. А што рабіць далей, бо з узростам хвароба не знікае?

Мінакі пра беларускія лекі

Дзяржаўная палітыка імпартазамяшчэння закранула і медычную сферу. У шпіталях выкарыстоўваюць прэпараты беларускае вытворчасці. Да таго ж лекараў прымушаюць выпісваць іх у паліклініках, а фармацэўтаў – прапаноўваць у аптэках. Мы запыталіся ў мінакоў на вуліцах сталіцы: каму выгадная гэткая палітыка і якім лекам беларусы аддаюць перавагу?

Працаўнік КДБ пагражаў студэнту каледжу адлічэннем

Вадзіма Бабіна, трэцякурсніка Менскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжу, у звычайны восеньскі дзень з пары па інфарматыцы выклікалі ў кабінет дырэктара. Там маладзёна чакаў незнаёмец, якія прадставіўся працаўніком КДБ, але пры гэтым ніякім чынам не засведчыў сваёй асобы. У часе гутаркі мужчына пагражаў Вадзіму, што за ўдзел у жыцці руху «За свабоду» ды іншую грамадскую актыўнасць яго могуць адлічыць з каледжу. Адмыслоўцы падкрэсліваюць, што практыка ціску на грамадскіх актывістаў з боку КДБ у Беларусі ўжо стала традыцыйнаю. Разам з тым на месца брутальнаму ціску і жорсткасці прыйшлі пагрозы адлічэння з навучальнае ўстановы, пазбаўлення інтэрнату або стыпендыі.

Жыхары дому ў Магілёве хвалююцца, што не дачакаюцца капітальнага рамонту

Дом № 69 на вуліцы Ямніцкая, што лічыцца самым старым у магілёўскім мікрараёне Ямніцкі, цяпер у жудасным стане. Звонку пабудовы, якой больш за сорак гадоў, – мох, а ўнутры – цвіль. Людзі скардзяцца, што ніякі касметычны рамонт тут не дапамагае, бо волкасць ідзе знадворку. Жыхары спрабавалі пазбавіцца ад цвілі рознымі спосабамі, але толькі змарнавалі шмат грошай, бо цвільны грыбок разрастаўся наноў. І ўсё таму, што гэтыя гады ў доме няма зліўных трубаў. Магілёўцы нават дасылалі калектыўны зварот у Адміністрацыю кіраўніка краіны, патрабуючы капітальнага рамонту. Аднак адказ яны атрымалі з мясцовага гарвыканкаму. Рамонт ім паабяцалі ў 2020 годзе! Але людзі асцерагаюцца, што да гэтага часу іхны дом проста не дастаіць.