Агляд падзеяў культуры Зміцер Вайцюшкевіч, які звычайна піша музыку, цяпер напісаў «Простыя словы»


Гэтак ён назваў сваю кнігу падарожных нататак.

Гэта зборнік кароткіх лірычных рэфлексіяў, якія музыка занатоўваў падчас бясконцых падарожжаў – у гатэлях і барах, у самалёце над Беларуссю і ў машыне, стоячы на мяжы. Тэксты некалькі гадоў гучалі ў аўтарскіх праграмах Змітра на «Аўтарадыё», а пасля на радыё «Рацыя». Выдаць кнігу Зміцер Вайцюшкевіч вырашыў не з літаратурных амбіцыяў, проста хацеў, каб думкі, якімі ён дзяліўся са слухачамі, засталіся на паперы:

«Кніжку можна прачытаць, а можна не прачытаць, можна распаліць ёй печку, калі халодна, а можна падараваць камусьці. Кніга можа жыць сваім асабістым жыццём і невядома, калі і ў каго яна апынецца».

Запісваў Зміцер усё, што хвалявала і натхняла: пра калегаў Алега Хаменку ды Ігара Варашкевіча, пра першае каханне і досвед хутарскога жыцця, пра Беласточчыну і Вільню, пра беларускую цярплівасць і смажаныя лісічкі. Рэдактар кнігі культуролаг Максім Жбанкоў лічыць, што час, каб Зміцер напісаў кнігу, даўно прыспеў:

«Вось гэта ўсё здаецца вельмі проста, але гэта і ёсць тое, што завецца «паэзія жыцця». Зміцер знайшоў вельмі трапную і цікавую інтанацыю. Вось гэтыя «простыя словы пра простыя рэчы». Ён не выдзелваецца, не гуляе ў артыста, ці ў прарока, ці ў ментальнага гуру. Гэта погляд чалавека, які стаіць побач з табой».

Набыць кнігу можна ў кнігарні «логвінаЎ» або на канцэрце музыкі – найбліжэйшы, з песнямі на словы Генадзя Бураўкіна, адбудзецца 26 траўня ў Палацы культуры імя Шарко ў Менску.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:
Райскія птушкі Гомельшчыны: выстава і майстар-класы для ўсіх.
У гарадзенскай сінагозе загучаць галасы вязняў лагеру смерці.
Колькі шчаслівых сем’яў у Магілёве?

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, «Белсат»

Каментары