Дрозд: Назва «Чэкіст» – удалы маркетынгавы ход. Але нікому не прыйшло б у галаву назваць цырульню «Эсэсавец»


Гісторык Зміцер Дрозд лічыць, што назва «Чэкіст» для барбер-шопа – гэта даволі ўдалы маркетынгавы ход уладальнікаў установы і яны нават не задумваюцца аб гістарычным значэнні гэтага слова.

«У Менску не так шмат барбер-шопаў. Магчыма, гэта быў такі маркетынгавы ход – назвалі б «Дзед-Барадед» і ніхто б пра гэта не чуў. А цяпер яны ў навінах, яны па тэлебачанні. Гэта значыць з рэкламнай пункту гледжання, у плане маркетынгу – гэта ўдалы ход», – адзначыў госць «Гарачага каментара» гісторык Зміцер Дрозд.

Па словах Дразда, уладальнікі барбер-шопа могуць нават не разумець, з якім злачынствамі ў гісторыі звязанае слова «чэкіст».

«ЧК – гэта арганізацыя па барацьбе з контррэвалюцыяй. Людзі са зброяй прыйшлі, захапілі ўладу і паставілі людзей, якія абаранялі іх рэвалюцыю. Усе 100 гадоў асноўная функцыя ЧК-ОГПУ-НКВД-МГБ-КГБ – гэта абарона ўлады і існуючага палітычнага ладу. Функцыя абароны дзяржавы заўсёды была другараднай», – лічыць гісторык.

«Нікому ў Беларусі не прыйшло б у галаву назваць цырульню «Эсэсавец» ці «Гестапавец». А гэта ж аднолькавыя карныя арганізацыі», – дадае Дрозд.

Цалкам размову глядзіце ў відэа.

 

ІІ, belsat.eu. Фота – 39.moscowfilmfestival.ru