Зміцер Дашкевіч: Мяне абурае бандыцкі фармат усяго, што адбываецца


Грамадскія актывісты працягваюць расплочвацца за сваёй дзейнасць. Судовыя выканаўцы з прычыны быццам нявыплачаных штрафаў за мірныя палітычныя пратэсты сканфіскавалі аўтамабіль лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча.

Пра канфіскацыю аўта актывісту паведамілі не прадстаўнікі ўлады, а суседзі, якія пабачылі актыўнасць судовых выканаўцаў каля яго аўта. Пасля доўгіх жвавых дэбатаў палітыка з прадстаўнікамі ўладаў апошнія ўсё ж такі здолелі пагрузіць аўта на эвакуатар.

Зміцер Дашкевіч кажа, што ніхто яго пра канфіскацыю не папярэджваў, а пра эвакуацыю ён даведаўся ад суседзяў.

Дзіва сітуацыі, што паведамляць ніхто не збіраўся. Суседзі пачалі грукаць у дзверы, што нейкі эвакуатар стаіць каля машыны. Я нават падумаў можа гэта звязана з паркоўкай. Але выйшаў і бачу людзей, якія ходзяць, у адсутнасці ДАІшнікаў. Побач быў Мікола Аўтуховіч. Ён пачаў запісваць на відэа ўвесь гэты працэс. Мы некалькі хвілін патрабавалі прадставіцца, паказаць дакументы. У адказ чулі абсурднае “А ён нас ведае і ведае за што”. Спатрэбілася гадзіна, быў ледзь не скандал. Толькі пад ціскам журналістаў, тэлекамер прыйшла нейкая начальніца і паказала пасведчанне.

Наколькі я разумею ёсць некалькі неаплочаных штрафаў, у прынцыпе іх вельмі шмат. Асабліва за апошні год. Яны паступова аплочваліся, дапамагалі сябры, бо самому немагчыма. Паступова працэс ішоў і я не разумею, чаму здарылася такое абвастрэнне сітуацыі. Мажліва, паказальна, ці проста застрашыць ці проста нашкодзіць і перашкодзіць нейкай дзейнасці. Майму сябру Сяргею Пальчэўскаму чатыры колы пракалолі.

Абурае бандыцкі фармат усяго, што адбываецца.

Прыйшлі б па-людску, згодна з іх неадэкватнымі законамі, прадставіліся, паказалі паперу суда, а то стаяць цягнуць машыну за кола.

За апошні год ніводны чалавек непасрэдна са сваёй кроўнай кішэні мазалём заробленае не аплочваў. Ёсць сябры і людзі, якія дапамагаюць. Больш напружвае супрацьстаянне з самімі сілавымі структурамі.

Каб у Беларусі была сапраўдная лібералізацыя, патрэбныя канкрэтныя зрухі. А так адбываецца чарговая гульня. Недзе прыадпусцілі гэтыя балты, недзе прыціснулі. Былі такія лібералізацыі, калі нас бралі на вуліцы, шапку на галаву, мяне асабіста вазілі ў лес яму капаць, высаджвалі пад Лагойскам. Гэта была адна з самых вялікіх лібералізацый напярэдадні 2010-га года.

Размову Юрася Салодкага са Змітром Дашкевічам глядзіце ў «Гарачым каментары»

ДР belsat.eu