Зміцер Бандарэнка: Магчыма, незалежнасць Беларусі давядзецца бараніць у наступным годзе


Сёння – дзень народзінаў аднаго з найбольш вядомых беларусаў нашага часу, які быў вымушаны апошнія свае гады пражыць на чужыне. І дзякуючы яму нашая Бацькаўшчына ў замежжы асацыявалася не толькі з Чарнобылем ці Лукашэнкам, але і з неверагоднай прагай свабоды ды праўдалюбствам. Сёння Паўлу Шарамету споўнілася б усяго 45 гадоў.

Пазбаўлены асабіста Аляксандрам Лукашэнкам беларускага грамадзянства Павал Шарамет літаральна жыў Бацькаўшчынай. Акрамя буйных медыяпраектаў, гэткіх, як «Беларускі партызан» ды «Гістарычная праўда», ён ініцыяваў шэраг грамадзянска-палітычных кампаніяў. 20 ліпеня сёлета Павал Шарамет загінуў у цэнтры Кіева ў выніку падрыву аўтамабіля, у якім ён ехаў на працу. Следства ў справе забойства нашага суайчынніка цягнецца дагэтуль.

Прадстаўнік грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка заўважыў, што доўгае панаванне дыктатуры ў Беларусі адбілася на людзях.

«Вельмі складана жыць пад дыктатурай, вельмі складана не быць свабодным, як ты хочаш. Павел Шарамет, Пётр Марцаў, Віктар Івашкевіч, Алег Бябенін, Ігар Гермянчук, Віталь Тарас, Уладзімір Бабарыка, Вераніка Чаркасава, Вольга Караткевіч, Зміцер Завадскі і вельмі шмат яшчэ людзей – гэта зоркі беларускай журналістыкі, якія сышлі ад нас маладымі з розных прычынаў. Хтосьці быў забіты, у некага было падарванае здароўе, нехта жыў пад ціскам вельмі доўга. Гэтыя людзі сышлі вельмі маладымі», – адзначыў спадар Бандарэнка.

На ягоную думку, тое, што столькі таленавітых людзей адышло з гэтага свету, працуючы менавіта ў журналістыцы, – гэта не проста так, бо журналістыка – гэта мембрана беларускага жыцця.

Зміцер Бандарэнка падкрэсліў: некалькі гадоў таму амерыканскі палітолаг і аналітык Збігнеў Бжэзіньскі прадказваў, што Беларусь будзе акупаваная Расеяй першаю, а толькі потым дойдзе чарга да акупацыі Украіны. Бжэзіньскі патлумачыў, што Захад не будзе заступацца за Аляксандра Лукашэнку, а Расея ўжо шмат зрабіла дзеля ціхай акупацыі.

«Так сталася, што ў 1990-ыя гады нашую незалежнасць баранілі чачэнцы. І сапраўды тады Расея баялася ўмешвацца вайсковым чынам у сітуацыю ў Беларусі, бо ведалі, што ў Чачэніі не ўсё так проста. Пэўны час, некалькі апошніх гадоў, нас баранілі ўкраінцы і беларусы, якія змагаюцца за свабоду Украіны на Данбасе. Сёння я ўпэўнены, што нам давядзецца, у тым ліку са зброяй у руках, бараніць сваю незалежнасць. Магчыма, гэта ўжо адбудзецца ў наступным годзе. Гэта мая ацэнка сітуацыі», – заўважыў дзеяч.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu