Злотнікаў: Мы «праелі» 40 % капіталу, які дастаўся нам ад СССР


Эканаміст тлумачыць перамовы кіраўніцтва Беларусі з МВФ аб прадастаўленні крэдытаў.

Патрабаванні МВФ Лукашэнка акрэсліў як дзеянні, скіраваныя на «здушэнне народу». А гэта, як цвердзіць кіраўнік, супярэчыць той палітыцы, якую ён дэклараваў на прэзідэнцкіх выбарах у розныя гады. Хаця і зазначыў, што гэтак ацэньвае не ўсе крокі фонду. Лукашэнка адкрыта заявіў, што рашэнні прымаюцца паводле рэкамендацыяў тых краінаў, у якіх больш грошай, і папрасіў агучыць матывацыю экспертаў МВФ. У «Гарачым каментары» – эканаміст Леанід Злотнікаў.

«Вакол нас паўсюль рынак: у Расеі, Украіне, Літве ды Польшчы, Амерыцы. Цяжка сабе ўявіць, каб увогуле краіна без рынкавай эканомікі магла б пабагацець», – заявіў эксперт.

І акрэсліў патрабаванні тых, хто мог бы даць грошы Беларусі:

«Зламаць форму дэкарацыі і рабіць сапраўдны рынак – вось чаго патрабуюць ад нас крэдыторы з Усходу, і з Захаду. Сапраўды, трапіў Лукашэнка ў вельмі складанае становішча. Альбо эканоміка будзе эфектыўнай і ў нас будуць сродкі, каб калі-небудзь разлічыцца з даўгамі. Альбо нам не будуць пазычаць».

Глядзіце таксама >>> Чаму інвестары хочуць, але не могуць прыйсці ў Беларусь?

На думку Леаніда Злотнікава, нашая краіна ўжо не мае таго патэнцыялу, які мела ў савецкія часы:

«Мы «праелі» 40 % капіталу, які нам дастаўся ад СССР. Бо ў 1960-1980-я гады тут пабудавалі вельмі шмат прадпрыемстваў. Цяпер няма грошай, каб стварыць падобныя новыя прадпрыемствы».