Жыццё напаказ: размова на пальцах


 

Прынята лічыць, што беларусы – закрытыя людзі, якія стараюцца жыць ціха і непрыкметна, і што шчасце – павіннае быць ціхім. Часта сцэна для тых, хто жыве на публіку, – сацыяльныя сеткі. Кагосьці гэта раздражняе, некага натхняе, шмат каму папросту падабаецца падглядаць за іншымі.

Але ёсць сярод нас і тыя, хто не хавае свайго прыватнага жыцця ад чужых вачэй або нават жыве, як можа падацца, напаказ. І гэткая адкрытасць – вабіць! Менавіта такія яны – гераіні чарговага выдання праграмы «Прыват» з паэткаю Валярынаю Куставай. Тэма другога выдання – «Жыццё напаказ».

Вядоўца высвятляе, што матывавала гераінь шчыраваць у сацыяльных сетках, выслухоўвае часам шакавальныя і правакацыйныя аповеды. Паслухайце і параўнайце: а ці змаглі б вы так «распублічніцца»? Але ўсё да пары да часу – і настае момант, калі жыццё напаказ спыняецца… Чаму?

Прычыны, матывы, плюсы, мінусы, бонусы, рызыкі і небяспекі публічнага віртуальнага жыцця – у другім выданні праграмы «Прыват».

Вядоўца размаўляе з госцяй на пальцах – у наўпроставым сэнсе слова…

На рахунку госці студыі багата скандальных публічных шчыраванняў. Часам ейныя аповеды былі правакацыйныя і шакавальныя нават для блізкіх сяброў. Раней працавала на высокіх пасадах у рэкламе, выдавецкай справе і аўтабізнесе – у міжнароднай карпарацыі. Кінула працу разам з былым мужам і сябрамі. І пачала новае жыццё.Цяпер мастачка і папулярная блогерка Ніка Сандрас. У гутарцы з госцяй студыі мы высветлім, навошта ёй была патрэбная такая колькасць споведзяў і чаму ўрэшце ейнае жыццё напаказ сцішылася? Гераіня сюжэта – журналістка і блогерка Ася Паплаўская. Эксперт праграмы – прыгажуня і псіхолаг Мая Тарасевіч.Адкажыце на наш бліц разам з госцяй праграмы – і зрабіце высновы, ці так проста адпускае залежнасць ад падабаек і каментаў…

1. Прачытаць фрэнд-стужку ці кнігу? 2. Заняцца каханне са сваім мужчынам ці намаляваць карціну (заняцца любімай справай)? 3. Салодкая мана або жорсткая праўда? 4. Эгаізм ці самаахвярнасць? 5. Ван Гог ці Мікалай Селяшчук? 6. Некалькі мужчынаў адначасова – плюс ці мінус? 7. Нікас Сандрас ці Ніка Сандрас? 8. 1000 лайкаў ці 1000 ружаў?

Распублічванне нашых гераінь – у поўным відэавыпуску:

Станьце героем «Прывату» або прапануйце тэму, праблему, гісторыю або госця ці героя для наступнага выдання – і сачыце за рыхтаваннем эфіраў на старонках праграмы ў сацыяльных сетках: у «Facebook’у», «УКантакце», «Twiter’ы» ды «Instagram’е». Або пішыце беспасярэдне і прыватна studyjapryvat@gmail.com.

Пазначайце свае цікавыя прыватныя допісы гэштэгамі #прыват, #pryvat, удзельнічайце ў выбары тэмаў і гасцей – і атрымлівайце прыемныя бонусы і падабайкі ад «Прывату» першымі. Альбо станьце сустваральнікам праграмы, бо «Прыват» – гэта, сярод іншага, і пра Вас.

Два разы на месяц, па серадах глядзіце на нашым канале а 21.40. Наступны выпуск – 17 лютага.

Натхняйце і натхняйцеся! Шчыра, востра, па-беларуску.

Валярына Кустава, «Белсат»