Жарсці вакол спрэчных рашэнняў Трампа не сціхаюць


Да вулічных пратэстаў неабыякавых грамадзянаў супраць рашэнняў новага амерыканскага прэзідэнта дадаўся і першы выпадак пратэсту чыноўніка з толькі што сфармаванай адміністрацыі.

Не заступіла на пасаду і ўжо звольненая. Сэлі Ейтс – выканаўца абавязкаў генеральнага пракурора ЗША абвесціла, што Міністэрства юстыцыі не будзе абараняць міграцыйнага загаду Доналда Трампа ў судах, бо не ўпэўненая, што распараджэнне мае законны характар. У Белым Доме Ейтс хутка знайшлі замену, а ўчынак назвалі «здрадай Міністэрства юстыцыі». Іншай думкі прытрымліваецца апазіцыя.

«Я хачу павітаць учынак Cэлі Ейтс. Яна заняла пазіцыю якая базуецца на маральна-прававых прынцыпах і найлепшых традыцыях Міністэрства юстыцыі. Сваім учынкам яна сказала, што вяршэнства права і маралі важнейшае, чым палітыка моманту ды імпульсіўны загад аднаго кіраўніка», – кажа сенатар ад Канектыкуту, дэмакрат Рычырд Блумэнтал.

Другі ўдар па новым законе Доналда Трампа падрыхтавалі некалькі соцень працаўнікоў Дзярждэпартаменту ЗША. Яны склалі ліст, у якім не пагаджаюцца з міграцыйнай палітыкай прэзідэнта. Дыпламаты сцвярджаюць, што рашэнне спыніць прыём уцекачоў ды забараніць уезд у краіну 200 мільёнам законапаслухмяных грамадзянаў з сямі мусульманскіх краінаў з-за некалькіх злачынцаў, настроіць замежнікаў супраць амерыканцаў.

«З гледзішча права адной з праблемаў, якая паўстане, зробіцца перагляд самага статусу ўцекача і таго, што ён азначае. І калі ёсць адчуванне, што Злучаныя Штаты займаюцца пераглядам гэтага паняцця або аддаюць перавагу адным групам, а іншыя ў няласцы, то зʼяўляецца эфект рэха, – калі іншыя краіны пачнуць рабіць тое ж самае», – мяркуе прафесар права з Універсітэту Паўднёвай Каліфорніі Сэм Эрман.

Да шматлікіх вулічных акцыяў грамадзянскага супраціву ва ўсіх Злучаных Штатах далучыліся і працаўнікі IT-гіганта «Google». Сотні рабочых сабраліся перад уваходам у штаб-кватэру кампаніі ў каліфарнійскім Маўнтын-Вію з патрабаваннем адмяніць антыімігранцкі загад Трампа. Працягваюцца пратэсты і ў іншых краінах свету. Тысячы брытанцаў уначы скандавалі лозунгі «Не расізму, не Трампу» пад вокнамі прэмʼеркі Абʼяднанага Каралеўства Тэрысы Мэй.

Між тым новы закон Трампа ўскладняе жыццё і беларусам, якія ездзяць у ЗША. Новыя правілы спынілі дзеянне праграмы спрошчанага паўторнага атрымання амерыканскае візы. Беларусы, у якіх дазвол на ўезд у ЗША скончыўся больш за 12 месяцаў таму, не змогуць працягнуць яго ў Менску, а будуць вымушаныя паўторна ехаць у Маскву, Вільню, Варшаву ці Кіеў на сумоўе.

Чытайце таксама:

Ігар Кулей, belsat.eu