Агляд падзеяў культуры Згадка пра 80-ыя


У галерэі «Ў» згадвалі 80-я – бунтарскія, авангардныя, напоўненыя атмасферай, якая дала беларускаму мастацтву шмат імёнаў. Тут прэзентавалі два новыя альбомы з «Калекцыі пАРТызану».

«Нон-канфармізм 80-х» – гэта дакументальны альбом, у якім уся гісторыя мастацкага падполля на фоне застойных савецкіх часоў – тут расповед пра кватэрнікі ды таемныя суполкі, бясспрэчных гуру – такіх, як Кім Хадзееў, і першую выставу мастакоў-авангардыстаў «На Калектарнай», якая адразу ж была забароненая:

Артур Клінаў, галоўны рэдактар часопісу «pARTizan»:

«Не так шмат матэрыялаў засталося з таго часу. Гэты альбом мы рыхтавалі некалькі гадоў, ёсць падзеі, выставы, пра якія не засталося ніводнага здымка. І мабыць самы буйны архіў, які мае Беларусь пра гэты час – гэта архіў часопісу «Партызан».

І гэты архіў – на старонках альбому. Тут 300 фотаздымкаў, мемуары, мастацтвазнаўчыя тэксты, дакументы, афішы, артэфакты – сапраўдная энцыклапедыя авангарднага руху 80-х. Адзін з ягоных пачынальнікаў – мастак Віталь Чарнабрысаў. Яму прысвяцілі асобны альбом, у які ўвайшлі раннія жывапісныя працы, пачынаючы з 60-х гадоў, а таксама скульптура, што нагадвае першабытныя валуны:

Віталь Чарнабрысаў, мастак:

«У гэты альбом увайшло не ўсё, тут упор на жывапіс і троху каменьчыкаў, а выпала яшчэ вялікая грамадская дзейнасць».

Віталь Чарнабрысаў цягам 30-ці гадоў вёў гурткі дзіцячай творчасці і выгадаваў пакаленне мастакоў, а таксама стварыў групу «Артэль», якая распісвала жылыя дамы, пад’езды і сацыяльныя аб’екты. Абодва альбомы – Віталя Чарнабрысава і «Нонканфармізм 80-х» – можна набыць у кнігарні «Логвінаў». Імпрэзай адзначылі юбілей часопісу «pARTizan», якому споўнілася 15 гадоў.

АД, Белсат

Жывое студыйнае відэа да новага трэку «Ой, ляціце гусі» прэзентаваў гурт Vuraj

У аснове кампазіцыі – палеская абрадавая песня, якую запісаў Сяргей Доўгушаў у 2014-ым годзе падчас этнаграфічнай экспедыцыі ў вёсцы Соміна. Музыкі рыхтуюць праграму з песень Палесся і плануюць запісаць новы – палескі – альбом.

Гурт Vuraj існуе з 2010-га года. Музыкі выконваюць беларускія народныя песні ў аўтарскім апрацаванні з элементамі розных стыляў. Летась Vuraj атрымаў прэмію парталу Tuzin.fm «Героі года» за ўнёсак у беларускую музыку.

Вялікія творы малога фармату

Слоўнікі і казкі, кнігі па філасофіі і гісторыі, атласы і зборнікі вершаў – і ўсе мініяцюрнага фармату. Больш за дзвесце экспанатаў паказвае выстава «Кніга і культура» у Гасцёўні Уладзіслава Галубка, усе яны з калекцыі Яўгена Ксяневіча, які збірае кнігі ўжо амаль паўстагоддзя.

Калекцыянер перакананы, што мініяцюрная кніга паказвае ўзровень паліграфіі ў краіне. А кнігадрукаванне, якое ў нашай краіне мае пяцісотгадовую гісторыю, будзе развівацца і далей.

Выстава «Кніга і культура» дзее ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка да 16-га красавіка. А потым мініяцюрныя кніжкі паедуць па краіне.

Каментары