Здзелка Трампа з Пуціным. Пры чым тут беларусы?


У якую геапалітычную гульню гуляе Беларусь? Чаго не робяць у дыпламатыі? Ці здольны Доналд Трамп дамовіцца з Пуціным? Што Лукашэнка прывёз з Афрыкі? Як беларус з палякам ездзілі на машыне ў Ірак? Чаму эпоха танкаў скончваецца? Самае цікавае на планеце за тыдзень – «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою.

Куды Трамп павядзе Злучаныя штаты?

Адказ на гэта пытанне чакаюць не толькі ў Еўропе ці Кітаі, але і ў Расеі, якая лічыць, што стасункі паміж Вашынгтонам і Масквой зменяцца. Ці збудуцца абяцанні Трампа і якое гэта будзе мець значэнне для нашай краіны? Руслан Шошын.

Ці ўдалася ідэя Трампа паводле ўгоды з Пуціным?

Якой будзе рэакцыя ЗША ў выпадку анексіі Беларусі Расеяй? Чаму пры Абаме не было фундаментальнай падтрымкі Украіны? Інтэрв’ю з польскім палітолагам, доктарам Марцінам Забароўскім, віцэ-дырэктарам варшаўскага прадстаўніцтва амерыканскага цэнтру ў справе аналізу палітыкі Цэнтральнай Еўропы.

З чым ездзіў Лукашэнка ў Афрыку і што прывёз адтуль?

Трохдзённае турнэ кіраўніка Беларусі ў Егіпет і Судан прынесла дамову на тры мільёны долараў з Каірам і цьмяную магчымасць распрацоўвання нафтавых радовішчаў супольна з Хартумам. Ці вартыя такія вынікі візіту найвышэйшага ўзроўню, ці, магчыма, кіраўнік Беларусі прывёз у Афрыку іншую прапанову? Усевалад Шлыкаў.

Беларус у Іраку: «Мы не спалі ў гатэлях, бо могуць прадаць у «Ісламскую дзяржаву»»

Што супольнага паміж украінскім Марыупалем ды курдыйскім Кіркукам? Як разбіць машыну на мяжы «Ісламскай дзяржавы»? Што супольнага паміж беларусамі і курдамі? Інтэрв’ю з Сяргеем Марчыкам, які толькі што вярнуўся з Іраку, куды даехаў на машыне каб зняць рэпартаж для «Белсату».

Танкі, назад

«Увага, танкі», так называлася кніга нямецкага генерала Гайнца Гудэр’яна, якая ўвяла канцэпцыю маланкавай вайны з выкарыстаннем бронемашынаў. Пасля Другой сусветнай вайны ён напісаў новую кнігу – «Танкі, наперад». Цяпер, танкі ўсцяж становяцца героямі ў тэлевізійных навінах. Як напрыклад амерыканскія «Абрамсы» ў Польшчы. Аднак апошнія канфлікты паказваюць, што эпоха танкаў сыходзіць у мінулае. Ці не час напісаць новую кнігу – «Танкі назад», разбіраўся Дзяніс Дзюба.