«Заява пра Данкверта – абсурдная». Усаў пра «Вялікую размову»


Палітолаг Павел Усаў падсумоўвае ў эфіры «Белсату» вынікі «Вялікай размовы».

Лукашэнка не сказаў нічога новага: старыя пасылы былі проста загорнутыя ў новыя фармулёўкі.

Так, робяцца крокі на збліжэнне з Захадам. Але з іншага боку мы маем гандлёвую, энергетычную і нават памежную вайну паміж Беларуссю і Расеяй. Але да сурʼёзных крокаў Расеі ў наш бок пакуль не дайшло. [У гісторыі нашых дачыненняў] мы мелі павышэнне коштаў на газ, мелі цукровыя, малочныя і мясныя войны. Але гэта не паспрыяла таму, што вектар беларускай вонкавай палітыкі павярнуўся на Захад. Лукашэнка застаецца абсалютна антызаходнім па сваёй ментальнасці палітыкам.

«Захад», «мы ідзем на Захад, ён нас прыме» – гэта страшылкі для Масквы. На самой справе, вялікае пытанне – ці гатовы Захад прыняць аўтарытарную Беларусь у нейкія стратэгічныя праекты.

У Еўропы няма на сёння ніякіх падыходаў да Беларусі, бо яна не ведае нават, што рабіць з Украінай.

Заява пра Данкверта – абсурдная. Уявіць арышт расейскага афіцыйнага прадстаўніка, міністра – калі б такое здарылася, беларускія міністры аказаліся б у вельмі складанай сітуацыі. Словы пра кіраўніка Расспажыўнагляду дэманструюць, наколькі раздражнёны цяпер Лукашэнка.

Адзінае ключавое пытанне цяпер – пытанне расейскай базы. Яго ніхто не задаў.

Размову Юрыя Салодкага з Паўлам Усавым глядзіце ў «Гарачым каментары»