Вяскоўцы «Заспяваў я на вяселлі песню маці, нейкі хлюст мне кажа: может хватит?»


Праграма «Вяскоўцы» не забаўляецца на сталічнай тусоўцы. Яе вядоўца Віктар Шукеловіч гэтым разам трапіў на парог да народнага майстра Уладзіміра Ціханоўскага, які займаецца пляценнем з саломы. Спадар Уладзімір паходзіць з-пад Мсціславу, але ўжо каля 50 гадоў жыве ў вёсцы Рачэнь Любанскага раёну.

Майстар распавёў Віктару пра гісторыю сваёй сям’і: ягоны бацька паходзіў са шляхты, а маці была з сялянаў, таму не ўсе бацькавы родзічы прыхільна паставіліся да яго шлюбу, але, як кажуць, – «сэрцу не прыкажаш». Праўда, спадар Уладзімір з часоў дзяцінства найбольш узгадвае сваю бабулю Лукерʼю, пры якой быў «як хвосцік». Менавіта бабуля навучыла малога Уладзіміра плесці рэчы з саломы і перадала яму веданне старых песень. Некаторыя з гэтых песень майстар не можа спяваць без слёзаў.

Вядоўца таксама высвятляў у Рачэні, ці можа саламяны брыль уратаваць у мароз; што раней рабілі, каб хутчэй прыйшла вясна; якая вясковая «тэрапія» дапамагае спадару Уладзіміру лепей пачувацца; як можна праверыць, ці нашая выбранніца або выбраннік нас сапраўды кахае?

Спадар Уладзімір адзначыў таксама, што вельмі любіць беларускую мову і стараецца яе ўсяляк папулярызаваць на імпрэзах, якія ён вядзе. На падставе свайго досведу майстар склаў нават вершаваны твор: «Заспяваў я на вяселлі песню маці, нейкі хлюст мне кажа: может хватит?» Якое заканчэнне мае твор і што спадар Уладзімір кажа пра сапраўднае каханне – глядзіце ў «Вяскоўцах» з Віктарам Шукеловічам.

Каментары