Гарачы каментар Залескі: Толькі паўпрацэнта беларусаў жывуць на ўзроўні Заходняй Еўропы


Эканаміст Міхаіл Залескі распавядае пра галечу беларусаў і каментуе заяву чыноўніка пра «фінансавую дыету».https://www.youtube.com/watch?v=7z2NgxysviIБеларус каля 40 % заробку аддае на ежу, 20 % – на аплату паслуг. Яшчэ каля 38 % ідзе на нехарчовыя тавары. У гаманцы пры гэтым – 3 млн рублёў. Як на іх жыць, такое пытанне задае кожны другі беларус. Гэтыя лічбы ў сённяшнім «Гарачым каментары» тлумачыць эканаміст Міхаіл Залескі.

«Сярэдні клас у нас ёсць, усё ёсць, толькі прапорцыі іншыя. На ўзроўні Заходняй Еўропы жыве паўпрацэнта насельніцтва, на ўзроўні Усходняй – жыве 7 %. На ўзроўні БССР жыве 80 % насельніцтва, астатнія жывуць кепска», – адзначыў у эфіры «Белсату» адмыслоўца.

Пры гэтым назваў тых, хто, на ягоную думку, у Беларусі знаходзіцца «каля рысы беднасці»:

«Я б звярнуў увагу на тое, што тыя, хто за рысай беднасці, і каля рысы беднасці – гэта людзі, якія маюць шчасці мець дзяцей. У семʼях па два-тры дзіця, і гэта адкідвае семʼі ў галечу. У нас кожнае сёмае дзіцяці гадуецца ва ўмовах галечы. А гэтая сацыяльная база вельмі дрэнных рэчаў».

Таксама эканаміст пракаментаваў заяву памочніка кіраўніка краіны Кірыла Рудага, які звярнуў увагу на адток дэпазітаў з банкаў і параіў дзяржаве і насельніцтву прытрымлівацца фінансавай дыеты:

«Чыноўнікі разважаюць па-чыноўніцку, Кірыла Руды прапускае міма касы тое, што 90 % дэпазітаў, пра якія ён гаворыць, належаць 10 % насельніцтва. А тыя, хто атрымліваюць па 3 мільёны, у іх няма дэпазітаў наагул. Так што ён вядзе гаворку крыху пра іншыя рэчы, чым пра тыя, якія хвалююць людзей».

Каментары