Агляд падзеяў культуры За ратушаю ў Магілёве распісваюць фасад будынку, што належыць Музею гісторыі


Апошнія штрыхі наносяць магілёўскія мастакі на сцяну ў гістарычным цэнтры гораду: за ратушаю распісваюць фасад будынку, што належыць Музею гісторыі Магілёва.

«Будынак на адрасе Ленінская 5а – гэта старажытны асабняк канца 18-га стагоддзя, двухпавярховы будынак, на тыльнай частцы фасаду робіцца гэтая праца», – распавядае захавальнік фондаў музею Яўген Балбераў.

Ідэя роспісу належыць гарвыканкаму, а супрацоўнікі Музею гісторыі Магілёва, што побач у ратушы, зладзілі творчы конкурс. Перамог праект мастака Рыгора Шараева: «Пра майстроў магілёўскіх хацелася сказаць. Магілёў – горад майстроў быў: шмат керамістаў, гарбароў, гутнікаў – горад багаты, хацелася гэта закрануць».

Паміж выявамі майстроў на малюнку размешчаны сучасны герб Магілёва, створаны яшчэ ў 17-м стагоддзі. Завяршае кампазіцыю выява гораду 18-га стагоддзя, скапіяваная з тытульнага аркуша кнігі «Жыціе святых». Гэтую кнігу надрукаваў Васіль Вашчанка ў мясцовай тыпаграфіі ў 1702 годзе. Ствараюць роспіс аўтар ідэі Рыгор Шараеў з сябрамі-мастакамі.

«Мне ўвогуле цікава працаваць на паветры ў цэнтры гораду, час ад часу выходзіць з майстэрні ў людзі», – адзначае мастак Аляксандр Сувораў.

Праект мае прыватнага спонсара: нехта з заможных магілёўцаў, хто пажадаў застацца неназваным, ахвяраваў грошы на роспіс фасаду. У ратушы спадзяюцца, што на гэтым аднаўленне будынку не скончыцца.

«Будынак патрабуе капітальнага рамонту, цяпер гэтыя памяшканні выкарыстоўваюцца як сховішчы, але і іх трэба рамантаваць, а сродкаў на гэта няма», – дзеліцца праблемамі Яўген Балбераў.

Днямі ад будынку прыбяруць будаўнічыя рыштаванні, і мастацкі роспіс адкрыецца ўва ўсёй сваёй прыгажосці. Аўтары праекту і працаўнікі музею спадзяюцца, што фасад спадабаецца магілёўцам.

Іншыя тэмы: 

  • Англійскамоўны пераклад кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча» пабачыць свет напрыканцы ліпеня.
  • Старажытная ладдзя вікінгаў зʼявіцца неўзабаве на Гарадзеншчыне

 

Ірына Дарафейчук, «Белсат»; фота – 6tv.by

Каментары