«З нас робяць рабоў». Чаго чакаць ад абноўленага дэкрэта №3?


«Раб – гэта чалавек які не можа дабравольна адмовіцца ад працы. Адпаведна, з нас робяць – рабоў! А я не хачу быць рабом!» – гаворыць жыхар Вілейскага раёна Іван Кандратовіч.

Летась яму прыйшоў «ліст шчасця» ад падаткавай, але ён адмовіўся плаціць «дармаедскі збор». І калі цяпер яго зноў прызначаць дармаедам, плаціць не збіраецца. Ён лічыць што самі чыноўнікі зрабілі яго «дармаедам», бо адмаўляюцца правільна аформіць зямельны надзел, на каторым ён вядзе гаспадарку. Перапіска з адміністрацыяй, падаткавай ды іншымі структурамі заняла ў яго некалькі месяцаў, але не прывяла ні да чаго.

Новы дэкрэт павінен зʼявіцца ўжо праз два тыдні. Ягоны праект Аляксандр Лукашэнка адправіў на дапрацоўку пасля народных хваляванняў. Увесну патрабаванні аб выплаце збору атрымалі амаль паўмільёна беларусаў.

«Было ажно 22 тысячы скаргаў за першы ж месяц на гэты дэкрэт. Гэта рэкорд! Можна сказаць, што такога ў практыцы ніколі не было», – кажа праваабаронца Алег Воўчак.

А аплацілі дармаедскі падатак – толькі 10%. Улетку Лукашэнка загадаў выплачаны падатак людзям вярнуць. Аднак насамрэч – вяртаюць яго не ўсім, а толькі тым, хто «выправіўся» – уладкаваўся на працу ці атрымаў вызваленне ад выканкама.

Напрыклад за затнюю гаспадыню Наталлю Ўладыка падатак на дармаедства тады сплаціў муж, каб не мець клопатаў. Жанчына страціла працу ды атрымлівала другую адукацыю – але ўсё роўна атрымала статус «дармаедкі». А яе «выпраўленне» палягае на тым, што яна сёлета нарадзіла дзіця – гэта дастатковая падстава, каб вярнулі падатак.

Каго яшчэ могуць прызначаць «дармаедамі», ды як будзе яго плаціць чалавек, які сапраўды не можа ўладкавацца на працу – глядзіце ў рубрыцы «Барані сваё» (відэа вышэй).

Глядзіце поўнае выданне праграмы «Асабісты капітал»:

Праграму «Асабісты капітал» глядзіце кожны панядзелак а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва -«Sirius 4»), а таксама онлайн на нашай старонцы.

Сачыце за намі ў Facebook.