З моманту забойства Ганны Паліткоўскай прайшло 10 гадоў


Дзесяць год без вядомай расейскай журналісткі Анны Паліткоўскай. Яе асоба папоўніла сумны спіс тых, хто ў Расеі аддаў жыццё за абарону правоў чалавека. Замоўцы злачынства па-ранейшаму на свабодзе.

Гэтак сябры і паплечнікі Ганны Паліткоўскай з «Новай газеты» ўшанавалі сумную гадавіну. Людзей па-ранейшаму турбуе тое ж пытанне: хто загадаў забіць вядомую журналістку і праваабаронцу?

«Забойства Ганны Паліткоўскай відавочна было палітычным. Нельга казаць пра тое, што злачынства раскрытае, калі невядомы арганізатар і замоўца гэтага забойства, а замоўца забойства Паліткоўскай не знойдзены. Паводле следства, куды вядуць сляды – незразумела», – адзначыла прадстаўніца асацыяцыі «За свабодную Расею» Маша Макарава.

Пра тое, куды вядуць сляды забойства Ганны Паліткоўскай, для некаторых было відавочным ад пачатку. Гэта кадры і словы запісаныя незадоўга да смерці былога працаўніка дзяржаўнай бяспекі, які імаверна загінуў ад рук расейскіх спецслужбаў, Аляксандра Літвіненкі.

«Тут прагучала наўпроставае пытанне: хто забіў Аню? Я даю прамы адказ: Аню забіў спадар Пуцін», – казаў Літвіненка.

Месяц пазней Літвіненкі ўжо не было. Па справе забойства Ганны Паліткоўскай пачалося доўгае і непразрыстае расследаванне. Толькі ў 2015 годзе суд прызнаў вінаватымі пяцёх фігурантаў справы нарадзінцаў Чачэніі Лом-Алі Гайтукаева, Рустама, Джабраіла і Ібрагіма Махмудавых ды Сяргея Хаджыкурбанава. Раней 11 год калоніі атрымаў былы міліцыянт Дзмітрый Паўлючэнкаў. Назіральнікі за працэсам не сумняваліся, што на лаве падсудных аказаліся толькі выканаўцы, а святло на пытанне пра замоўцаў можа праліць дзейнасць журналісткі.

«Усё, пра што яна пісала: чачэнскія справы і тэракты, якія адбываліся ў Маскве і Расеі ў 1990-х, у якіх быў чачэнскі след, але гэта былі тэракты, як казала Паліткоўская, у якія былі замешаныя федэральныя службы бяспекі Расеі, Рамзан Кадыраў, рэжым Кадырава ў Чачэніі, карны батальён Кадырава і катаванні. Калі яе забілі, яна рыхтавала матэрыял пра катаванні, якія здзяйснялі людзі Кадырава», – заўважыла прадстаўніца асацыяцыі «За свабодную Расею» Маша Макарава.

Публікацыі на тэму тэрактаў у Маскве, чачэнскай вайны і злачынстваў супраць мірнага насельніцтва, карупцыі ў шэрагах найвышэйшай расейскай улады. Усе гэта, на думку паплечнікаў Паліткоўскай, магло зрабіць яе асабістым ворагам Пуціна і Кадырава.

Крывавую вайну ў Чачэніі журналістка тлумачыла гэтак: «Планаваліся выбары. З Пуціна трэба было зрабіць высока рэйтынгавую істоту, якая з нічога мела стаць гаспадаром Крамля, у расейскай тэрміналогіі царом. Іншага спосабу, як крывая вайна не было».

У дзясятую гадавіну забойства Ганны Паліткоўскай міжнародная супольнасць чарговы раз звярнулася да ўладаў Расеі з патрабаваннем пакараць адказных за забойства журналісткі. Дзярждэпартамент ЗША апублікаваў адмысловую заяву.

«Як і іншыя шматлікія журналісты, што публікавалі рэпартажы з Паўночнага Каўказу цягам апошніх 20 гадоў, Паліткоўскую забілі за намаганні выкрыць карупцыю, прымус і парушэнні правоў чалавека. Тое, што гэтыя забойствы застаюцца нераскрытымі, працягвае падрываць свабоду слова і павагу да закону ў Расеі», – заявіў прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША Джон Кэрбі.

А такая сітуацыя не спрыяе іміджу Расеі. Тым больш, што Ганна Паліткоўская – гэта толькі адзін прыклад сярод дзясяткаў забітых у Расеі журналістаў і палітыкаў.

«Гэта адкідвае нас ад цывілізаваных краінаў вельмі далёка. Фактычна мы знаходзімся ў гэтым плане ў шэрагу несвабодных краінаў, недэмакратычных», – заўважыла актывістка асацыяцыі «За свабодную Расею» Анастасія Сяргеева.

Ганну Паліткоўскую застрэлілі ў ейным доме ў цэнтры Масквы ў 2006-м годзе. Забойства здзейснілі ў дзень народзінаў Уладзіміра Пуціна.

Ян Бабіцкі, «Белсат»