З грошай, сабраных для «жанчыны з ныркай», Br1300 забрала дзяржава


Зусім нядаўна мы паведамлялі, што гледачы перадачы «Людскія справы» за 23 дні сабралі Br 10 тыс. для Алены Куколь. Жанчына ў адчаі хацела прадаць нырку каб утрымаць сына-інваліда.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы»

Дзе сабраць такія сумы?

Талака – спосаб дапамогі, якім здаўна карысталіся нашыя продкі. Ён будуецца на прынцыпе ўзаемадапамогі. Cёння дапамагчы можна вельмі проста: не выходзячы з дому, пералічыць грошы тым, хто звярнуўся ў складанай сітуацыі на платформу Talaka.org. Ахвяраванні можна рабіць праз электронныя плацёжныя сістэмы.

«У першую чаргу мы арыентуемся на праекты, якія працуюць на перспектыву, то бок тыя, якія спрабуюць вырашаць праблемы сістэмна, каб людзі не патрапілі ў бяду. Але, маючы пэўную інфраструктуру мы не можам адмаўляць людзям, якія хочуць збіраць на дабрачынныя праекты», – кажа Яўген Клішэвіч, заснавальнік платформы.

Падатак на дабрыню

Менавіта на гэтай пляцоўцы каманда каманда «Людскіх справаў» здолела сабраць Br 10 тыс. дапамогі. Але паводле беларускага заканадаўства гэтая сума абкладаецца падаткам, таму спадарыня Алена аддала 1310 рублёў дзяржаве.

Як вызваліць атрымальніка дапамогі ад аплаты падаткаў? Чаго не хапае для росту дабрачыннасці ў Беларусі? Што трэба рабіць, каб падобная дапамога займела масавы характар? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў студыі «Людскіх справаў» разам з аўтарам і вядоўцам Алесем Залеўскім шукаюць госці Андрэй Маханько, супрацоўнік аб’яднання «Разуменне» і Валерый Журакоўскі, супрацоўнік аб’яднання «Акт».

Праграму «Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4»), а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце на ў Facebook ды Одноклассники. Памятайце: для нас няма чужых праблемаў.