З апярэджаннем раскладу: Іракцы і курды адбіваюць Масул у «ІД»


У Вашынгтоне кажуць, што барацьба за Масул можа расцягнуцца на месяцы і будзе вельмі цяжкой, але вераць у поспех. Цягам бліжэйшых месяцаў з гораду можа ўцячы мільён людзей.

Аперацыя іракскіх войскаў для вызвалення Масулу – апошняга апірышча «Ісламскае дзяржавы» ў Іраку – працягваецца. У Пентагоне заяўляюць, што наступленне ідзе нават з апярэджаннем раскладу.

«Пакуль яшчэ рана рабіць вывады, і слова за супернікам. Паглядзім, ці «Ісламская дзяржава» будзе змагацца. Але мы ўпэўненыя, што іракцы здольныя выканаць аперацыю, і мы гатовыя быць апораю», – заявіў прэсавы сакратар Пэнтагону Пітэр Кук.

Пры гэтым самыя Злучаныя Штаты пакідаюць за сабой толькі дарадчую ролю і падтрыманне з паветра. Наземную атаку, якую планавалі некалькі месяцаў, вядзе кааліцыя з 30 тысячаў іракскіх і 4 тысячаў курдскіх жаўнераў – або пешмергаў, – а таксама пры дапамозе апалчэнцаў-сунітаў. За першыя содні аперацыі курды здолелі вызваліць 9 вёсак і 200 квадратных кіламетраў тэрыторыі.

«Я далучыўся да братоў-пешмергаў, каб адпомсціць за смерць бацькі, якога забілі ісламісты. Аперацыя будзе працягвацца, пакуль мы не дасягнем пастаўленых мэтаў», – кажа курдскі жаўнер Надэр Кадэр.

Паводле розных ацэнак, у Масуле застаюцца ад 4-х да 8 тысяч баевікоў. Апроч традыцыйнай зброі – стралковай, гранатамётаў, мінамётаў, бранятэхнікі, – тэрарысты пусцілі ў хаду і нафту. Яе залілі ў вырытыя вакол гораду траншэі ды падпалілі, каб зашкодзіць дзеянням авіяцыі.

«Гэта вельмі дрэнна паўплывае на рэгіён і жыхароў найбліжэйшых гарадоў, бо дым увесь час разносіцца», – кажуць жыхары Іраку.

Джыхадысты з «Ісламскай дзяржавы» захапілі горад два гады таму ўсяго за 6 дзён сіламі прыблізна тысячы чалавек – супраць 30 тысяч дзяржаўных вайскоўцаў, якія былі тады ў горадзе.

Менавіта ў Масуле лідар тэрарыстаў Абу Бакр аль-Багдадзі абвесціў стварэнне халіфату ў Іраку і Сірыі.

У горадзе ўсталявалі законы шарыяту, адрэзалі доступ да камунікацыі ды свабоднага выезду. Асабліва трагічны лёс напаткаў мясцовае езідскае насельніцтва. Жанчын-езідак масава забівалі і прадавалі ў сексуальнае рабства.

Цяпер жыхароў паўтарамільённага Масулу і ваколіцаў чакае новае выпрабаванне.

«Людзі пакуль не бягуць з гораду. Але пры прасоўванні наступоўцаў мы прадбачым, што ў найбліжэйшыя тыдні ўцякуць каля 200 тысяч чалавек і, магчыма, блізу мільёна – цягам наступных месяцаў. Такой колькасці ўцекачоў Ірак не ведаў даўно», – кажа Сара Кейс з Міжнароднага камітэту выратавання.

У Вашынгтоне мяркуюць, што баевікі пры абароне будуць выкарыстоўваць мірных жыхароў у якасці жывых шчытоў. Аднак ЗША і кааліцыя запэўніваюць, што нават нягледзячы на гуманітарныя наступствы адкладаць аперацыю няма сэнсу.

Таццяна Рэут