«Ён атрымаў «прышчэпку ад бізнесу», але з краіны не з'ехаў». Скрабец пра затрыманне Кныровіча


Былы бізнесовец і былы дэпутат Сяргей Скрабец разважае ў эфіры пра бізнес па-беларуску.

Беларускі бізнес збудаваны на адкатах – яны ёсць як у сістэме ЖКГ, гэтак і ў будаўніцтве, сельскай гаспадарцы. Без адкатаў і хабараў чыноўнікам не абыходзіцца ні адзін працэс. Натуральна, Лукашэнка пра гэта ведае ўжо даўно – гадоў дваццаць.

На бізнесоўцаў пачалося паляванне, бо ў краіне скончыліся грошы. Але калі раней гэтым займаліся Бюро (цяпер Упраўленне. – рэд.) з эканамічнымі злачынствамі, Камітэт (цяпер Дэпартамент. – рэд.) фінансавых расследваняў, то цяпер падключыўся КДБ, хаця іх функцыя, на маю думку, – барацьба не з бізнесменамі, а са шпіёнамі.

У затрыманні Кныровіча ёсць палітычны складнік: ён не раз крытыкаваў дзейны стан рэчаў у краіне, у тым ліку татальную карупцыю. Недарма яму інкрымінуюць карупцыю: у нас за тое, з чым вядзеш барацьбу, спрабуюць пасадзіць.

КДБ – палітычная структура, якая пераследуе іншадумцаў.

Дзіўна: Кныровіч атрымаў «прышчэпку ад бізнесу», яго ўжо арыштоўвалі. Але ён вынікаў не зрабіў, і своечасова з краіны не зʼехаў. На маю думку, ён паступіў не вельмі разумна, што працягваў тут працаваць.

Глядзіце размову Юрыя Салодкага з Сяргеем Скрабцом у «Гарачым каментары»

Фота: «Новы час»