Яўген Прэйгерман: Дыялог зрываюць некаторыя асобы ў апазіцыі і ў атачэнні Лукашэнкі


Палітолаг Яўген Прэйгерман кажа, што і ва ўладзе, і ў апазіцыі ёсць тыя, хто не зацікаўлены ў палітычным дыялогу.

Такую выснову ён зрабіў, распавядаючы пра скандальнае закуліссе нядаўняй канферэнцыі «Менскі дыялог». У прыватнасці, на думку Прэйгермана, лідар АГП Анатоль Лябедзька «робіць фактычна ўсё магчымае, каб гэты дыялог сарваць».

Між тым, і некаторым асобам ва ўладзе, па словах аналітыка, «лягчэй паказаць Аляксандру Лукашэнку, чаму дыялог непатрэбны і чаму прасцей разагнаць палітычную дэманстрацыю, чым даць ёй адбыцца».

Прэйгерман лічыць вельмі важным уласна існаванне дыялогавай пляцоўкі хаця б таму, што яна надзвычай прыдасца, калі здарыцца нешта крытычнае, але гэта – «складаны працэс».

«Мы жывем у краіне, якая сама вуснамі кіраўніка вызначае сябе аўтарытарнай. А ў аўтарытарнай дзяржаве будуць размаўляць з дзвюма катэгорыямі людзей. Калі ты моцны палітык, з якім вымушаныя гаварыць. Тады задача палітыка станавіцца моцным, а не спаборнічаць у тым, хто грамчэй крычыць, што нас бʼюць. І другое – калі ты можаш прапанаваць уладзе ўнікальны рэсурс, напрыклад, экспертныя веды ці механізм як зладзіць карысную дыскусію», – перакананы Прэйгерман.

Але ці не ўлады вызначаюць, што і хто карысныя, дзеля імітацыі дыялогу? Ці праўда, што арганізатары канферэнцыі «Менскі дыялог» спярша запрасілі на яе апазіцыю, а потым скасавалі запрашэнне, бо забараніў Уладзімір Макей.

Падрабязней – у «Размове Мацкевіча».