Ярмошына выпраўляе біяграфіі кандыдатаў у дэпутаты


Шэраг незалежных кандыдатаў у мясцовыя дэпутаты паскардзіліся на наўмыснае і шкадлівае скарачэнне іхных біяграфіяў.. Кандыдат Сяргей Скрабец называе гэта злачынствам – і абяцае падарыць старшыні ягонай выбарчай камісіі боты-«дуцікі».

Былы дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Сяргей Скрабец балатуецца ў дэпутаты на сёлетніх выбарах у мясцовыя саветы.

«Я напісаў у біяграфіі, што я быў дэпутатам 2-га склікання Палаты Прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, але выбарчая камісія палічыла гэта няважнай інфармацыяй для выбарцаў. Гэтым самым яны парушылі Канстытуцыю, дзе напісана, што кожны беларус мае права на праўдзівую, аб’ектыўную інфармацыю», – сцвярджае Скрабец.

«Адзінае, чым яны займаюцца цяпер і чым займаліся ўсе 25 гадоў – гэта ашуканства. Недарма Лідзія Ярмошына папрасіла купіць ёй на дзень нараджэння боты-«дуцікі». Гэта вельмі сімвалічна. Збіраюся падарыць такія боцікі старшыні акружной выбарчай камісіі Ленінскага раёну Менску», – кажа кандыдат.

«Яны хочуць мяне прынізіць, – кажа Скрабец. – У нас у прынцыпе выбараў няма, а дэпутатаў прызначаюць. Для чаго гэтае дробнае паскудства было зроблена – не ведаю. Гэта злачынства – і прававую ацэнку яму павінныя даць Генеральная пракуратура і Канстытуцыйны суд. Гэтае злачынства трэба пільна вывучыць, каб не было такіх паўтораў у далейшым у дачыненні да іншых апазіцыйных кандыдатаў».

Паводле Сяргея Скрабца, задача чальцоў выбарчых камісіяў – як мага болей нашкодзіць апазіцыйным кандыдатам.

Глядзіце размову з Сяргеем Скрабцом у «Гарачым каментары»