Гарачы каментар Пра што гаворыць сэлфі з Ярмошынай? Каментуюць палітык і палітолаг


Лідзія Ярмошына гатовая да дыялогу і абяцае змены ў выбарчым заканадаўстве, пры гэтым яны нібыта ўжо рыхтуюцца – і, магчыма, нават больш глабальныя, чым касметычныя. Пра гэта паведаміла прадстаўніца кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.
Напярэдадні ў Менску пасольства Нідэрландаў зладзіла дыпламатычны прыём. Было шмат гасцей, у тым ліку і старшыня Цэнтрвыбаркаму, і палітыкі, у тым ліку апазіцыйныя. Атмасфера атрымалася душэўная, некаторыя апазіцыянеры нават нарабілі з Ярмошынай сэлфі ды пахваліліся імі ў сацыяльных сетках.

Фотаздымак і ягоныя наступствы каментуюць сам Юрась Губарэвіч і палітолаг Павел Усаў.

Паводле аўтара сэлфі, фотаздымак са старшынёй Цэнтрвыбаркаму ён зрабіў для прыцягнення ўвагі.

«Выбары ў Беларусі татальна адсутнічаюць», – падкрэсліў Губарэвіч.

Палітык дадае, што ня варта «спрашчаць сістэму фальшаванняў выбараў і зводзіць яе да адной Ярмошынай».

«Тут задзейнічаная цэлая мафійная групоўка, пачынаючы з мясцовых уладаў, выканкамаў, якія не пускаюць у выбарчыя камісіі альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, КДБ, – кажа Губарэвіч. – Калі б гэта залежыла толькі ад Ярмошынай, сістэма фальсіфікацыяў не працавала б так эфектыўна».

Палітолаг Павел Усаў лічыць, што сэлфі – сведчанне дэградацыі дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі.

«Чаму палітыка – брудная справа? Таму што мы дазваляем брудным людзям – неадказным, беспрынцыповым – займацца палітыкай. Таму што мы як апазіцыя, якая бароніць дэмакратычныя каштоўнасці, пачынаем паддавацца пад уплывы ўлады, шукаем магчымасці ёй падабацца. І самі становімся бруднымі», – кажа Усаў.

Паводле нашага суразмоўцы, сэлфі з Ярмошынай паказвае, што «апазіцыя – беспрынцыповая, і гатовая ісці на дыялог з тымі, хто дваццаць гадоў краў у беларусаў будучыню».

«На заклікі да дыялогу ўсе вераць у гэтыя байкі і бягуць на выбары, якія па сутнасці не могуць быць свабоднымі і дэмакратычнымі, бо гэтыя ўлады не зацікаўленыя, каб гэтыя выбары адбываліся на прынцыпах дэмакратыі. Ярмошына – адзін з тых ключавых вінцікаў, якія робяць сістэму трывалай», – заяўляе Усаў.

«Калі Ярмошына – невінаватая ў фальсіфікацыях, то невінаваты і Лукашэнка – ён апазіцыю ў турмы не кідаў. Гэта суддзі», – дадае Усаў.

Глядзіце поўную версію размову ў відэа

Каментары