«Яна казала пра пагрозы з боку міліцыі», – Карач пра знікненне віцебскай блогеркі


Віцебская блогерка, маці дваіх непаўналетніх дзяцей, Вольга Жураўская ўжо амаль тры дні не выходзіць на сувязь з роднымі і сябрамі. Напярэдадні свайго знікнення блогерка казала, што ёй пагражаюць.

«Апошні раз з Вольгай я размаўляла 7 траўня ў 19.55. Яна казала пра пагрозы з боку міліцыі, што ў яе ёсць нейкая вельмі важная інфармацыя. Я сказала, што зараз я сядаю ў самалёт, але як толькі прылячу, мы сустрэнемся ў скайпе – у 22.00. Але так здарылася, што мой самалёт спазніўся, я прыляцела позна, Вольгі ў скайпе ўжо не было. Потым людзі заўважылі, што прыкладна з 23 гадзіны 7 траўня пачаліся дзіўныя пасты ў Фэйсбуку на старонцы Вольгі, дакладна такія пасты сама пісаць яна не магла. Мне вельмі б не хацелася думаць пра дрэннае, але ўжо 10 траўня і ніякай інфармацыі няма. Мы тэлефанавалі ў міліцыю, у бюро няшчасных выпадкаў… Хадзілі да хаты Вольгі – кватэра пустая», – кажа кіраўніца кампаніі «Наш дом» Вольга Карач.

Вольга Жураўская вядомая тым, што здымала і выкладала ў сваім блоге сацыяльнае відэа, дзе крытыкавала міліцыю, дзейнасць дзяржаўных установаў, сэрвіс у крамах і гасцініцах.

«Вольга вельмі актыўна здымала акцыі пратэсту дармаедаў, яе затрымлівалі і яна нават атрымала штраф за святкаванне Дня Волі ў Віцебску. Яна была вельмі ўражана гэтым. Потым яна здымала яшчэ некалькі правакацыйных відэа пра паводзіны міліцыянтаў. Пасля яна казала пра нейкія пагрозы, пра тое, што ёй сочаць», – распавядае Карач.