Якая эканомія ад лічыльнікаў цяпла?


Распавядаем, як плаціць за «камуналку», менш, калі яе кошты імкліва растуць.

Сваю кватэру спадар Сяргей намерыўся зрабіць цёплаэфектыўнаю – запеніў усе стыкі панэляў, паставіў трохконтуравыя дзверы, а за ацяпленне збіраўся разлічвацца выключна паводле лічыльніка.

Але той не працуе. Бо перад тым, як плаціць грошы кампаніі, што абслугоўвае жытло, мужчына папрасіў заключыць з ім дамову. Аднак яму адмовілі – маўляў, у нас іншыя правілы.

Лічыльнікі вады ў нашых дамах абслугоўвае водаканал. А лічыльнікі цяпла чамусьці не цепласеткі, а прыватныя кампаніі. Методыка пераразліку ў іх непразрыстая, афіцыйна не зацверджаная і выклікае пытанні. Напрыклад, Сяргею без лічыльніка суму аплату цяпла чамусьці вызначылі паводле агульнагарадскіх тарыфаў.

Здымаюць паказнікі ды пераразлічаваюць прыватнікі за дадатковыя грошы. Хоць бясплатна гэта можа рабіць таварыства ўласнікаў.

У доме спадарыні Людмілы перад ацяпляльным сезонам са 159 лічыльнікаў перасталі працаваць адразу 42. Кажуць, што прычына ў няякаснай вадзе. За гэта адказвае водаканал, але дадатковыя выдаткі, як заўсёды, маюць кампенсаваць спажыўцы.

Карысныя парады, правераныя часам

Спадарыня Святлана – эканомная гаспадыня. З дачкою штомесяц ім хапае чатырох кубоў вады, электраэнергіі ўлетку жанчыны паляць 50 кілават, узімку могуць і 100. Хоць раней, да таго як замянілі звычайныя лямпачкі на святлодыёдныя, палілі і 250 кілават.

Андрэй Гаховіч, кансультант у эканоміі камунальных выдаткаў, цалкам ухваліў замену лямпачак. А каб зэканоміць яшчэ больш вады, параіў карыстацца эканамічнымі аэратарамі на краны. Яны змешваюць ваду з паветрам, і пры звычайным струмені вады сыходзіць менш.

Да таго ж добра эканоміць ваду і ў прыбіральні. Калі дазваляе канструкцыя ўнітазу, то яшчэ можна адрэгуляваць паплавок, крыху яго ўтапіўшы. Альбо ўсталяваць сучасны ўнітаз з дзвюма кнопкамі змыву. А каб захаваць цяпло ў кватэры, Андрэй раіць праветрываць памяшканне хутка.

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» цалкам: