«Як жыць? На вядро вады з крану чакаем 1,5 гадзіны»


Восем сем’яў у вёсцы Ведрыца з траўня не бачылі нармальнага напору вады ў кране. Труба, па якой вада трапляе ў іх дамы, – дзіравая.

А таму людзі не маглі ні мыцца, ні праць, ні гатаваць ежу, і нават паравыя катлы ў іх не грэлі, бо сістэму ацяплення трэба падсілкоўваць, а вада не цякла.

Паводле расповедаў мясцовых жыхароў, за паўтары гадзіны з крана нацякае пяцілітровае вядро. Вады ледзь хапае на тое, каб памыць посуд, але гатаваць ежу з яе нельга, бо яна іржавая. Мыцца прыходзіцца хадзіць да суседзяў на другі канец вёскі.

«Мы звярталіся ў сельсавет, пісалі ў ЖЭС, але яны толькі абяцаюць», – паскардзілася журналістам «Белсату» 85-гадовая жыхарка вёскі Ведрыца Ніна Канстанцінаўна.

За некалькі дзён да прыезду журналістаў працаўнікі Чэрвеньскага водаканалу насамрэч пачысцілі калодзеж. Пакуль працавалі, вада ўва ўсіх жыхароў вуліцы была, а калі паехалі – праблема вярнулася.

Здымачная група «Белсату» накіравалася у чэрвеньскі водаканал і знайшла чыноўніка, які адказвае за рамонтныя працы. Ён запэўнівае, што ўжо нават закупленыя матэрыялы для рамонту вадапроваду.

Ці дадуць вяскоўцам ваду бліжэйшым часам, глядзіце ў сюжэце праграмы «Асабісты капітал» (відэа вышэй).

А гэта праграма «Асабісты капітал» цалкам: