Як вяскоўцы высылалі ў ЗША тэкст народнай песні


Праграма «Вяскоўцы» трапіла ў госці да жанчыны з выбітнымі акторскімі здольнасці ды незвычайным пачуццём гумару.

Спадарыня Вольга, колішняя працаўніца торфаздабыўнай арцелі «16 чырвоных партызанаў», спачатку з асцярогай паставілася да вядоўцы праграмы Віктара Шукеловіча, а потым раскрыла перад ім цэлую палітру сваіх талентаў. Гераіня праграмы распавяла, што вельмі добра разбіраецца ў людзях і магла б працаваць у вышуку. Нядаўна яна раскусіла прафесійных ашуканак, якія ездзяць па вёсках і абкрадаюць сельскіх жыхароў.

Вынаходлівая гераіня паказала, што ёй дапамагае перастаўляць цяжкія чыгуны і падзялілася лайфхакам ад сяброўкі, як эканоміць дровы.

Віктару яна загадала таксама некалькі даўніх загадак, праспявала смешныя прыпеўкі ды песні з часоў сваёй маладосці.

Спадарыня Вольга распавяла шчымлівую жыццёвую гісторыю пра любоў да роднай зямлі. Некалі ейны дзядзька выехаў у ЗША, але вельмі сумаваў па радзіме. На ягоную просьбу родзічы, якія засталіся ў Беларусі, выслалі яму праз акіян словы народнай песні «За гарой, за камяною, галубы ляталі». Прыляцеўшы ў Менск у часы СССР, дзядзька чакаў дазволу ад уладаў, каб наведаць родную вёску, але ягонае сэрца не вытрымала ўзрушэння і ён памёр. Літаральна на наступны дзень прыйшоў дазвол.