Як у Расеі адзначылі 7 лістапада


Пяць тысяч вайскоўцаў ды больш за 40 адзінак ваеннай тэхнікі часоў Другой сусветнай вайны. На Чырвонай плошчы расейскай сталіцы прайшоў парад-рэканструкцыя, прысвечаны 75-ай гадавіне параду 1941 года.

Сёлетні Дзень вайсковай славы Расеі, які з 2005 года адзначаецца 7 лістапада, адметны не толькі помпаю. Паводле афіцыйнай версіі, конкурс на правядзенне гістарычнай рэканструкцыі фрагментаў параду стартаваў з 20 млн расейскіх рублёў.

І гэта – у крызісны для ўсёй краіны час, калі больш за траціну расейцаў жывуць на мяжы беднасці, а абавязкі перад ветэранамі не выконваюцца праз нястачу грошай. Напрыклад, з двух мільёнаў расейскіх ветэранаў Другой сусветнай вайны далёка не ўсе атрымалі абяцанае ўрадам жытло з федэральнага бюджэту.

«Дзякуй дзеду за перамогу» – гэта, напэўна, аб тым, што трэба ўспамінаць аб ветэранах не толькі 9 траўня або 7 лістапада. І запрашаць іх на трыбуны, каб яны ў заснежанай Маскве стаялі і глядзелі, як гэта ўсё выглядала ў 1941 годзе. Расейская дзяржава не дае рады з клопатам аб ветэранах», – кажа Маша Макарава з асацыяцыі «За свободную Россию».

Пасля параду 1941-га года тысячы вайскоўцаў адразу ж адправіліся на фронт. Насуперак традыцыі, перад савецкім народам і вайскоўцамі Чырвонай Арміі выступіў не маршал Сямён Будзённы, які прымаў парад, а асабіста Іосіф Сталін – каб падняць баявы дух.

Чытайце таксама >>> Міліцыянты адпусцілі актывістаў, якіх затрымалі на адкрыцці помніка Леніну ў Менску

Між тым, перадусім у выніку вынішчэння ўладамі эліты Чырвонай Арміі, сілы СССР панеслі вялізныя чалавечыя страты. Навошта ж тады цяпер Расея пастаянна вяртаецца да гэтай гістарычнай вехі?

«Гэта спроба нейкім чынам абʼяднаць народ. Але мне падаецца, перш за ўсё, што краіна, у якой няма дакладнага ўяўлення, якой мусіць быць будучыня – а ў сучаснай пуцінскай Расеі гэтага ўяўлення няма, бо будучыня абсалютна незразумелая – пачынае шукаць апоры ў мінулым», – працягвае Маша Макарава.

Сёлета, як, дарэчы, і летась, вярхоўны галоўнакамандуючы, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, святочнага маршу на Краснай плошчы не наведаў.

Віталь Бабін