Вяскоўцы Як спячы хлеб дома? І як на свежы хлеб рэагуе кот


Хлеб над панамі пан і ўсяму галава. А без яго заўсёды нечага не хапае нават падчас самага шыкоўнага частавання. У народзе ж прымаўляюць таксама: Не мы хлеб носім, але хлеб нас.

Аказваецца, некаторыя людзі ў Беларусі дагэтуль пякуць духмяныя боханы ўдома паводле даўніх рэцэптаў. Праграма «Вяскоўцы» выправілася ў беларускія селішчы, каб раскрыць таямніцы выпякання хатняга хлеба традыцыйным спосабам – у печы. Вядоўца Віктар Шукеловіч даведаўся, чаму ніколі не мыюць дзяжу для хлебнай рашчыны ды выпякаюць боханы на дубовых лістах, а таксама пры нагодзе папрактыкаваўся ў палескай гаворцы.

Адна з беларускіх гаспадынь паказала ды падрабязна распавяла пра ўсе этапы выпякання хлеба, праўда, відэа, на жаль, не змагло перадаць усіх адценняў водару свежага хлеба. Але адзін з герояў выдання – хатні кот, які грэючыся каля печы, выпадкова абсмаліў сабе бок, каларытна прадэманстраваў свае адчуванні, ледзь не ашалеўшы ад хлебнага паху.

Акрамя гэтага, Віктар пазнаёміўся з цудоўнай вясковай парай, якая пражыла разам ужо больш за 60 гадоў. І праз столькі часу яны захавалі адно да аднаго вельмі цёплыя пачуцці. Доўгімі зімовымі вечарамі яны ўзгадваюць былыя часіны ды радуюцца кожнаму госцю. Віктара ж яны павучылі плесці дыванкі, распавялі пра вырабленне лёну, а таксама паказалі свае скарбы – цэлыя сувоі саматканага палатна, якое захоўваецца як памяць.

Каментары