Як шматпавярховікі аказаліся самавольнаю забудоваю


У Ратамцы могуць знесці дзесяць шматкватэрных дамоў

Людзей, якія здалі грошы кампаніі «Драйрона», каб пабудаваць сабе кватэры на вуліцы Рачная ў Ратамцы пад Менскам, напаткала адна бяда. Дамы ўжо гатовыя, аднак жыць у іх патэнцыйныя жыхары не могуць.

А цяпер над імі навісла пагроза ніколі не зладзіць тут улазінаў. Чыноўнікі Менскага райвыканкаму абвесцілі, што ўсе 10 дамоў, кожны з якіх налічвае 24 кватэры, – самавольная забудова і падлягаюць зносу. Пра тое, што канкрэтна парушыла кампанія «Драйрона», пакупнікі кватэраў на сходзе гэтак і не дазналіся.

Але забудоўнік паабяцаў, што зробіць усё магчымае, каб як найхутчэй увесці дамы ў эксплуатацыю. Да таго ж прадстаўнік «Драйроны» кажа, што кампанія і чыноўнікі прыйшлі да кампрамісу і бліжэйшым часам развяжуць усе спрэчныя пытанні, а пастанова знесці будынкі – не канчатковая.

Жыхары сталіцы разважаюць, што рабіць з забудоваю, прызнанаю самавольнай

Паводле заканадаўства нашае краіны, дамы, пабудаваныя самавольна, трэба зносіць. І гэта тычацца не толькі надбудовы паверху ў прыватным доме або рэканструкцыі нерухомасці. Закон распаўсюджваецца і на шматкватэрныя новабудоўлі. Мы запыталіся ў жыхароў Менску: дык што рабіць з будынкамі, якія прызналі самавольнаю забудоваю, і дзе шукаць праўды людзям, падманутым забудоўнікам.

Юрыст-аптыміст… Аляксей Казлюк у рубрыцы «Партрэт праваабаронцы»

Аляксей Казлюк – адзін з заснавальнікаў праваабарончае ініцыятывы Human Constanta. Адзін з кірункаў яе дзейнасці – лічбавыя свабоды ды кібербяспека. Акрамя даследавання і прасоўвання каштоўнасцяў свабоднага інтэрнэту каманда Human Constanta займаецца праблемамі ўцекачоў і мігрантаў. Аляксей з аднадумцамі збірае цёплыя рэчы для мігрантаў з Чачэніі, якія доўгі час знаходзяцца ў Берасці з надзеяй атрымаць прытулак у Еўразвязе. Пра гэта – нашай рубрыцы «Партрэт праваабаронцы».

Экс-кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў трапілі ў суд за арыгінальнасць

Экс-кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Падгол і Алесь Таўстыка трапілі пад суд неўзабаве пасля абвяшчэння вынікаў выбараў. Прычынаю нібыта стала арганізацыя несанкцыянаванае акцыі падчас перадвыбарчае кампаніі. Пры канцы жніўня тагачасныя кандыдаты ў дэпутаты намерыліся занесці ў Менгарвыканкам заявы аб правядзенні перадвыбарчых пікетаў даволі незвычайным спосабам. Падавалі дакументы пад назваю «Шорцу пакет – заяўкі на пікеты». Але міліцыянты палічылі, што спадары Падгол і Таўстыка парушылі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і склалі на іх пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні.

Праз нястачу сродкаў улады ў аграгарадку Пятрышкі не могуць знесці небяспечныя пуні

Аграгарадок Пятрышкі – цэнтр мясцовага сельсавету. Тут жыве больш за 2 тыс. чалавек. Здаецца, што вакол усё прыгожа і добраўпарадкавана…

Але старыя пуні ўжо тры гады робяць нямала клопату жыхарам вуліцы Рабочая. Калі сцены гаспадарчае пабудовы зусім нахіліліся, мясцовыя звярнуліся да мясцовага кіраўніцтва з прапановаю знесці іх або перабудаваць. Гаспадара пунь шукалі два гады, але і гэта не дало плёну. У мясцовага сельсавету, што і апынуўся ўласнікам скасабочаных пунь, няма сродкаў зруйнаваць пабудову. Але пуні – улюбёнае месца мясцовае дзятвы – з кожным днём становяцца ўсё больш небяспечнымі.

Фота на перадпраглядзе onliner.by