Піншчына - бусліны рай Беларусі


Бусел сімвал Беларусі і традыцыйна лічыцца святой птушкай, служыць прыкладам сужэнскай вернасці, прыносіць дзяцей і апякуецца ўраджаем.

Людзі кажуць: «Бусел, бусел, на табе галёпу, а мне дай жыта копу». Сёння мы едзем на Піншчыну – бусліны рай, дзе птушкі селяцца на стрэхах, а людзі ставяцца да іх, як да хатняй жывёлы. У вёсцы Беразцы размаўляем з супрацоўнікамі навукова–практычнага цэнтру па біярэсурсах, якія праводзяць кальцаванне і падлік буслоў.

«У свеце налічваецца каля 250 тыс. параў белых буслоў, і з іх больш за 20 тыс. – гняздуюцца ў Беларусі, каля 7 % ад сусветнай папуляцыі. Больш за ўсё ў нас буслоў, канешне ж, на Прыпяці», – кажа арнітолаг Ірына Самусенка.

У мясцовых жыхароў даведваемся народныя прыкметы і цікавыя гісторыі, звязаныя з суіснаваннем чалавека і бусла. Мужчыны, якіх сустракае Аўгіня ў вёсцы, кажуць, што шануюць буслоў, а часам нават дапамагаюць. Напрыклад… звіць гняздо.

У другі дзень працягваем вандраваць па Піншчыне і заязджаем у госці да мясцовага скульптара Сяргея Жылевіча, чый падворак уключаны ў турыстычныя маршруты рэгіёна.