Як лавіць шчупакоў ды гатаваць з іх юшку


У новым прэм’ерным выданні «Вяскоўцаў» Віктар Шукеловіч спазнае азы рыбацтва, слухае рыбацкія гісторыі ды спрабуе злавіць шчупака «дзедавым» спосабам. Кажуць, навічкам шанцуе, але ці спраўдзілася гэта ў Віктара ды які быў ягоны першы ўлоў? Што робяць рыбакі на ўдачу ды каму сярод іх шанцуе найбольш? Ці ўсе рыбакі – сумленныя людзі ды ці крадуць адно ў аднаго ўлоў? Якія зубы маюць шчупакі і колькі разоў на год іх мяняюць? Што трэба, каб прыгатаваць сапраўдную юшку? І чаму яе нельга мяшаць падчас гатавання?

Апрача гэтага ў праграме – знаёмства з вясковым настаўнікам фізікі, які адпрацаваў у школе больш за 40 гадоў, і з чароўнымі палескімі жанчынамі, якія падзяліліся сваймі жыццёвымі гісторыямі. Адна са спадарыняў малой дзяўчынкай мусіла туляцца па чужых хатах, бо яе родны дом згарэў падчас ІІ сусветна вайны. Іншая жанчына распавяла, як спаткалася са сваёй маці пасля 30 гадоў разлукі. Тая сустрэча была адзінай – больш ніколі маці і дачка не пабачыліся зноў.