Як энергетыкі распільваюць грошы на ачыстку кацельных. Расследаванне «Белсату»


Пасля нашых леташніх публікацыяў аб безгаспадарлівасці і кумаўстве ў дзяржаўным канцэрне «Белэнерга» яго патрэсла маштабная дзяржаўная праверка. Свае пасады страцілі міністр энергетыкі, дырэктар «Белэнерга» і шэраг ніжэйшых функцыянераў гэтага ведамства. Але мы працягнулі нашае расследаванне і выявілі, што, нягледзячы на пакаранне асобных адказных асобаў, самі схемы па выпампоўванні грошай, якія мы плацім за камуналку, працягваюцца, бадай, з ня меншым размахам, чым і раней. А шкода ад іх – яшчэ большая, чым мы маглі сабе ўявіць.

Незаконныя звышпрыбыткі ў «Белэнерга» можна атрымліваць на многіх рэчах. Як паказалі нашыя мінулыя расследаванні, гэта робіцца пры дапамозе зманіпуляваных тэндараў ды сямейных сувязяў з кіраўніцтвам асобных структураў гэтай дзяржаўнай арганізацыі. Нашае новае расследаванне выявіла, якія вялікія грошы можна пакласці сабе ў кішэню і праз незаконнае забруджванне навакольнага асяроддзя.

Мазутная «тэма»

Беларуская энергетыка працуе, як вядома, збольшага, на прыродным газе. Але некалькі разоў на год, у часе рамонтных працаў, яны пераходзяць на мазут. Мазут у вялікіх колькасцях таксама трымаюць на ўсіх энергацэнтралях у якасці стратэгічнага рэзерву – на выпадак газавых войнаў ці іншых перабояў з асноўным энергарэсурсам.

Гэты мазут захоўваецца ў вялізных рэзервуарах. На тэрыторыі кожнай цеплаэнергацэнтралі ёсць некалькі такіх ёмкасцяў аб’ёмам ад 2 000 да 20 000 кубічных метраў. З цягам часу ў рэзервуарах асядаюць гэтак званыя донныя наслаенні – бруд і асадкі вуглевадародаў, якія трэба вычышчаць. Ува ўсёй сістэме Белэнерга – а гэта сотні ці нават тысячы рэзервуараў – манаполію на ачыстку гэтых ёмкасцяў трымае адна прыватная фірма – «Белкотлаачыстка». Яе манапольны статус пацвярджаецца штогадовым лістом найвышэйшага кіраўніцтва Белэнерга.

Карыстаючыся сваім манапольным статусам, «Белкотлаачыстка», як правіла, завышае расцэнкі на свае работы ў разы. Гэтак, пазалетась яна ачысціла адзін мазутны рэзервуар на Бярозаўскай ГРЭС за Br 142 000.

Каб даведацца рынкавую цану такой работы, мы зладзілі альтэрнатыўны тэндар – з указаннем усіх параметраў, указаных у акце выкананых работ «Белкотлаачысткі».

Атрыманыя намі прапановы каштавалі, прынамсі, удвая менш.

 

 

 

«Белкотлаачыстка» на гэта адказвае, што выконвае свае работы дорага, але якасна. І ў выніку, маўляў, для «Белэнерга» выходзіць танней пераплаціць адзін раз ёй, чым перарабляць потым за няякаснымі падрадчыкамі. Але, як сведчаць інсайдары, шкода ад недапрацовак «Белкотлаачысткі» перавышае нават тыя страты, якія яна наносіць дзяржаўнаму бюджэту праз завышаны цэннік на свае работы. Гаворка, напрыклад, пра Рагачоўскую кацельную, дзе «Белкотлаачыстка» летась ачышчала мазутны рэзервуар, аб’ёмам 5 000 кубічных метраў, па цане, якая, паводле ўдзельнікаў рынку, у разы перавышае рынкавую.

Галоўным выдаткам у гэтай працы было ўтылізаваць прыблізна 100 тонаў донных адкладанняў. Такі мазут абясшкоджваецца праз змешванне з рознымі рэагентамі, перадусім вапнай у адмысловых ёмкасцях, прызначаных для такіх працэсаў. Але, распавядаюць відавочцы, гэтая фірма вырашыла ашчадзіць і ўчыніла значна прасцей.

«Яны адкаталі тонаў 20–30 мазута – гэта верхняга. А донныя адкладанні яны закапалі ў зямлю. Закапалі пад ёмкасцю. А цяпер гэта ўсё вылазіць», – кажа «Белсату» на ўмовах ананімнасці былы працаўнік рагачоўскай кацельні. – Я ведаю, што тона мазута, на старыя грошы, 9,5 мільёнаў – на ўтылізацыю. Яны ўсё гэта забралі сабе».

Паводле каштарысу, за ўтылізацыю і абясшкоджванне адкідаў, «Белкотлаачыстка» атрымала Br 34 000 – атрымліваецца, што яна вырашыла пакласці гэтыя грошы сабе ў кішэню цалкам.

«Курыраваў непасрэдна [Мікалай Мікалаевіч] Бязмен, галоўны інжынер «Белкотлаачысткі». Валянціна Сяргееўна Зіменка ведала, што ў яе дзеецца, дзе і як, яна ў курсе была гэтых усіх праблем. А з боку ТЭЦ быў непасрэдна начальнік ТЭЦ і майстар», – дадае працаўнік кацельні.

Якую шкоду такая эканомія прыватніка магла нанесці навакольнаму асяроддзю? Адмысловец, незнаёмы з канкрэтнай сітуацыяй, тлумачыць, што шкода прыродзе залежыць ад канкрэтных параметраў пляцоўкі – у прыватнасці, яе гідралагічнай структуры. То бок, наколькі актыўна грунтавыя воды разносяць забруджванне па наваколлі і, сярод іншага, па Дняпры, які цячэ побач.

«Пагаршаюцца расліны, пагаршаецца мікрафлора. Усё залежыць ад колькасці нафтапрадуктаў. Напэўна можна казаць пра тое, што можа быць забруджанне вады, калі ёсць грунтовыя воды, – кажа кіраўнік праграмы па экалагічнай бяспецы з Цэнтру экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў. – То бок, гэта – лакальныя змены экасістэмы, якія могуць прывесці да ўздзеяння на здароўе».

Пры гэтым адмысловец падкрэслівае: тэрыторыя для будаўніцтва кацельнай падбіраецца з улікам таго, што там можа здарыцца выпадковы разліў нафтапрадуктаў. Таму шкода для навакольнага асяроддзя, імаверна, меншы, чым калі б гэты мазут проста разлілі ў наваколлі Рагачова. Тэрыторыя ТЭЦ разлічаная на прарыў шланга ці ўцечку, але такія абʼёмы наўрад ці падпадаюць пад разлікі выпадковага прарыву шланга. Якім бы ня быў маштаб шкоды, жыхары Рагачова рэагуюць на гэта з абурэннем і панікай.

«Блюзнерства нейкае. За гэта павінныя панесці людзі нейкае пакаранне. Нас, чамусьці, караюць за нейкае смецце на працоўным месцы, а яны – мазут у зямлю. Якая ідзе вада пітная!«, – кажа адзін з жыхароў Рагачова.

«Я баюся толькі за ўнукаў і за дзяцей – за экалогію. Гэта ж нехта робіць – нехта пакрывае», – кажа іншая жыхарка.

Паводле апытаных намі інсайдараў, гэткім жа чынам «Белкотлаачыстка» ўтылізавала адкіды і на шэрагу іншых цеплаэнергецэнтраляў па ўсёй Беларусі. Як жа ім удаецца гэта хаваць?

«Таму, што гэта – закрытая тэрыторыя. Туды ж немагчыма патрапіць простаму чалавеку. Яны рабілі на тэрыторыі ТЭЦ што хацелі», – працягвае наш ананімны суразмоўца, які працаваў на кацельнай.

На тэрыторыі кацельнай гіганцкія маштабы забруджвання назіраюць супрацоўнікі арганізацыі-выканаўцы і самой цеплаэнергацэнтралі. Як выявілася, на Рагачоўскай кацельнай прынамсі адзін сведка напісаў тады пра гэта заяву ў Міністэрства прыроды. На месца падзей выехала інспекцыя Гомельскага камітэту па ахове прыроды, але закапанага мазуту там не ўбачыла.

У лісце ад 2 лістапада 2017 года Міністэрства прыродных рэсурсаў падае, што Гомельскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў разгледзеў зварот Іосіфа Кармана па справе захавання мазута на тэрыторыі Рагачоўскага РТС філіі »Жлобінскія электрычныя сеткі« РУП «Гомельэнерга» і не знайшоў парушэння ААТ «Белкотлаачысткай» патрабаванняў заканадаўства ў справе абыходжання з адкідамі.

Дык можа ўсё гэта фальшывая трывога і вынік паклёпу з боку канкурэнтаў? Наша здымачная група вырашыла праверыць гэта і выехала ў Рагачоў. На месцы падзеяў нам удалося атрымаць відэаздымкі таго, як выглядае Рагачоўская кацельная цяпер. На заднім двары цеплаэнергацэнтралі знаходзіцца мазутнае балота, пакрытае свежымі апілкамі, якое немагчыма абмінуць нават калі проста акінуць тэрыторыю позіркам з вакна адміністратыўнага будынку. Чаму ж Гомельскі камітэт аховы прыроды не заўважыў таго, чаго немагчыма было заўважыць?

«Завялі людзей у рэстаран і ўсё. Ніхто там ня бачыў», – кажа былы працаўнік кацельнай.

Кіраўніцтва рагачоўскай кацельнай усё гэта катэгарычна адмаўляе. Начальнік Рагачоўскага раёну цеплавых сетак Аляксей Дзівакоў кажа «Белсату», што на тэрыторыі кацельнай у зямлю нічога не закапвалі.

«У нас усё гэта вывозілася – каля 68 тонаў адкідаў на ўтылізацыю», – кажа Дзівакоў.

Вядзерка з пробай мазутнага грунту, якое бачна на відэа, мы перадалі на аналіз у лабараторыю. У лабараторыі нам адразу сказалі, што гэта – мазут, але афіцыйнае заключэнне, на момант выхаду перадачы, яшчэ не было атрыманае.

Мафіёзная дзяржава ў дзяржаве

Але што ж гэта за такая фірма – «Белкотлаачыстка»? Як яна дасягнула свайго недатыкальнага статусу і якім чынам такая сітуацыя стала магчымай у айчыннай энергетыцы?

«Белкотлаачыстка» калісьці была дзяржаўнай арганізацыяй, але ў 2011-м годзе дзяржаўны пакет яе акцыяў былі прададзеныя прыватнай фірме «Алізі», якая належыць новай дырэктарцы «Белкотлаачысткі», грамадзянцы Украіны Валянціне Зіменцы. Частка акцыяў – наўпрост, а іншая – пра фірму «Отува», зарэгістраваную ў Літве. Але нягледзячы на тое, што фірма стала прыватнай, яна засталася часткай «Белэнерга». Гэта пацвярджаецца штогадовым лістом кіраўніцтва дзяржаўнага канцэрну.

Генеральны дырэктар «Белэнерга» Яўген Воранаў пацвярджае, што ААТ «Белкацёлачыстка» ўваходзіць у склад аб’яднання і ёсць адзінай арганізацыяй у яго складзе, якая выконвае работы па ачыстцы котлаагрэгатаў і цеплаабменнікаў, а таксама мазутных рэзервуараў».

«Алізі», якая валодае «Белкотлаачысткай», паводле старонкі гэтай арганізацыі, уваходзіць у групу «Ціміор», якая таксама належыць Валянціне Зіменцы і яе сваякам. Да пакупкі «Белкотлаачысткі» «Ціміор» пераважна працаваў у Расеі, дзе працаўладкоўваюцца многія былыя функцыянеры беларускай энергетыкі. У самой фірме працуюць сваякі і дзейнага кіраўніцтва філіяў «Белэнерга». У прыватнасці – сын дырэктара Светлагорскай ТЭЦ Валянцін Ліпскі, які, з адукацыяй палітолага, атрымаў у «Белкотлаачыстцы» пасаду інжынера па стандартызацыі. Як выявіла нашае расследаванне, летась «Белкотлаачыстка» пачысціла мазутныя рэзервуары на Светлагорскай ТЭЦ па цане, якая ў паўтара разу, або на $ 20 000 перавышае рынкавую.

Але ачыстка катлоў і рэзервуараў – толькі вершаліна айсбергу. «Белэнерга» мае вялікую колькасць арганізацыяў, якія цяпер ужо з’яўляюцца прыватнымі, але, тым ня менш, па-ранейшаму ўваходзяць у дзяржаўны канцэрн. Гэта ў прыватнасці «Цэнтрэнергамантаж», «Белэнергаабароны» і шэраг іншых. Гэта дае ім права атрымліваць падрады не праз адкрыты тэндар, а праз унутраную працэдуру закупкі, у якой бяруць удзел толькі чальцы канцэрну.

Некаторыя работы «Белэнерга» вымушанае выстаўляць на тэндар, бо, згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі №72 і пастановай Саўміну №229 работы, у тым ліку ў энергетыцы, павінныя размяркоўвацца паводле адкрытага конкурсу. Але кіраўніцтва канцэрну ладзіць маніпуляцыі з гэтымі тэндарамі на карысць сваіх падапечных некалькімі спосабамі.

Па-першае, арганізацыям выстаўляецца патрабаванне аб абавязковым досведзе працы менавіта ў сістэме «Белэнерга» цягам апошніх некалькіх гадоў. Гэта падобна на вядомы анекдот пра тое, што прэзідэнтам Беларусі можа стаць толькі чалавек з досведам працы.

Напрыклад, Слуцкая міні-ТЭЦ раней належала да кампетэнцыі міністэрства ЖКГ. Але як толькі яна перайшла пад шэфства «Белэнерга», манаполію на ачыстку яе катлоў атрымала «Белкотлаачыстка», якая, як выявіла нашае расследаванне, выконвае там работы ў разы даражэй, чым гэта робяць іншыя фірмы на рынку – як дзяржаўныя, гэтак і прыватныя.

 

 

Яшчэ адзін хітрык: патрэбныя арганізацыі выстаўляюць заведама нерэальна нізкую цану, з якой выйграюць тэндар. Гэтак было на тэндары па ачыстцы катлоў на Жлобінскай ТЭЦ. «Белкотлаачыстка» выйграла яго па цане, але потым заявіла, што не ўлічыла ў сваёй калькуляцыі некаторыя накладныя моманты. «Белэнерга» анулявала вынікі тэндару, а потым, ужо за рэальную цану, аддала гэты падрад «Белкотлаачыстцы» паводле працэдуры ўнутранай закупкі, як арганізацыі, якая перамагла ў тэндары.

Самы галоўны спосаб маніпуляцыі тэндару – засакрэчванне вынікаў. У адрозненне ад структураў Міністэрства архітэктуры ці ЖКГ, «Белэнерга» не паведамляе ўдзельнікам конкурсу хто выйграў падрад і па якой прычыне.

Дзясяткі профільных арганізацыяў, з якімі мы паразмаўлялі на гэтую тэму – як прыватных, гэтак і дзяржаўных – заяўляюць, што, калі б «Белэнерга» праводзіла свае тэндары паводле правілаў, якія дзейнічаюць для ўсіх астатніх арганізацыяў у Беларусі, сабекошт абслугоўвання энергетычнай інфраструктуры можна было б знізіць у разы.

Гэтыя грошы можна было б, напрыклад, пусціць на мадэрнізацыю беларускіх цепласетак, знізіўшы ў разы, кошты на ацяпленне і электрычнасць у нашых жыроўках. Фармальна, яны павінны ладзіць адкрытыя тэндары цяпер, але ня робяць гэтага, а ўлады гэтага не кантралююць і, больш за тое, пакрываюць.

Станіслаў Івашкевіч