Як дапамагчы наркаману: караць або лячыць?


Гераін, спайс і «траўка» – тое на чым «паслізнуліся» многія, незалежна ад узросту і сацыяльнага статусу. З наркаманіяй змагаецца мноства краінаў у свеце, але кожная бачыць шлях вырашэння гэтай праблемы па-свойму. Але які са шляхоў найбольш эфектыўны ў вырашэнні гэтага пытання?

Праблема нарказалежнасці вырашаецца ў нашай краіне пазбаўленнем волі на немалы тэрмін, прадугледжаны артыкулам 328 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. У той жа час некаторыя еўрапейскія краіны адмовіліся ад такой практыкі і прапануюць лячэнне ад гэтай залежнасці.

Разам з героямі нашай перадачы, мы спрабуем разабрацца, які варыянт найбольш падыдзе для Беларусі. Таму мы пазнаёміліся з рознымі гісторыямі людзей, якія знаходзіліся ў наркатычнай залежнасці, але пераадолелі яе. Ці працуе ўвогуле ў такіх сітуацыях пакаранне ці лячэнне?

Ці дапамагае наркаману турма?

Аляксей – хлопец з няпоўнай сям’і, з дзяцінства яго выхоўвала маці. Рос ён на вуліцы, патрапіўшы пад уплыў кепскай кампаніі, у маладым узросце пачаў ужываць наркотыкі. Нягледзячы на тое, што Аляксей адбыў у турме два тэрміны па артыкуле 328, гэта яму не дапамагло справіцца з праблемай.

Платон, наш другі герой, вырас у забяспечанай сямʼі, бацькі – дзяржслужачыя. Атрымаў вышэйшую медычную адукацыю, быў жанаты. Турма яго абмінула, але Платон лічыць, што калі б ён патрапіў за краты, то наўрад ці гэта дапамагло б яму справіцца з залежнасцю.

Аляксей, былы наркаман з 20-гадовым стажам.

Адзін з госцяў нашай студыі, Аляксей, спрабаваў і лячыцца, але гэта не дапамагло. Ён лічыць, што наркаману патрэбны найперш унутраныя, духоўныя змены для пазбаўлення ад залежнасці.

Выхад ёсць – рэабілітацыя

Рэабілітанты цэнтру «Фенікс» моляцца

Гісторыі ўсіх гэтых людзей дэманструюць, што адзін з эфектыўных спосабаў дапамогі наркаманам – гэта хрысціянскія рэабілітацыйныя цэнтры. Тут не забітыя дзверы і вокны, кожны можа сысці ў любы момант, але нашыя героі не сышлі, працягнуўшы працаваць над сваёй залежнасцю разам са спецыялістамі.

Што рабіць дзяржаве, каб перамагчы наркаманію ў Беларусі?

Адказ на гэтае пытанне шукаюць госці ў нашай студыі: Аляксей, былы наркаман з 20-гадовым стажам, і Стас, юрыст, які змагаецца за змены ў заканадаўстве, накіраваныя на дэкрыміналізацыю наркотыкаў і далейшую іх легалізацыю ў Беларусі.

Праграму «Людскія справы» глядзіце шточацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4»), а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook ды Одноклассники. Памятайце: для нас няма чужых праблемаў.