Кожны з нас Як беларусы вырошчваюць цвыркуноў… і зарабляюць на гэтым!


Гэта – самая незвычайная ферма ў Беларусі! Гаспадары вырошчваюць на продаж цвыркуноў, з якіх потым у ЗША і Заходняй Еўропе вырабляюць муку і фітнес-батончыкі.

У памяшканні, дзе вырошчваць насякомых, падтрымліваецца пастаянная тэмпература – каля 30 градусаў. Цвыркуноў кормяць адмысловаю мяшанкаю, а час, пакуль казуркі вырастаюць і адпраўляюцца на нарыхтоўку, займае два месяцы.

Героі праграмы – гаспадары і працаўнікі фермы распавялі журналістам праграмы «Кожны з нас», як гатаваць цвыркуноў. Дзеля гэтага акрамя ўласна казурак патрэбныя алей і спецыі. Незвычайную страву далі пакаштаваць і выпадковым мінакам. Але адважыўся на гэта не кожны мянчук!

Кілаграм сваіх казурак фермеры прадаюць за 50 долараў. За месяц на ферме нарыхтоўваюць 300 кг замарожаных цвыркуноў. Пакуль прадукцыю вывозяць пераважна ў Маскву, але ў планах – выхад на рынкі Азіі і Заходняй Еўропы.

Глядзіце ў новым выпуску «Кожны з нас» гісторыі, калі людзі будавалі цікавы і паспяховы бізнес у правінцыі. Напрыклад, самая буйная ва Усходняй Еўропе майстэрня дэкаратыўных свечак у 10 – тысячнай Уздзе, якую мясцовыя жыхары называюць не інакш як вялікаю вёскаю. Або першы ў Беларусі фермер – прыватнік з – пад Маладзечна і ферма ў гадаванні цвыркуноў, якую менскія хлопцы адкрылі каля Фаніпалю.

МЛ, belsat.eu

Фота на вокладцы YouTube – Kristine Paulus

Каментары