Давайце разбірацца Ядравая бомба замаруджанага дзеяння ці, наадварот – энергетыка будучыні. Чаго баіцца МАГАТЭ?


Самае поўнае і бесстаронняе расследаванне будаўніцтва беларускай АЭС – ад тэлеканалу «Белсат» і аўтараў Панамскіх файлаў – міжнароднага кансорцыуму па журналісцкіх расследаваннях. Без прапаганды, але і без кампрамісаў.

У папярэднім выпуску нашай перадачы мы паехалі на будаўнічую пляцоўку беларускай АЭС, паразмаўлялі з падрадчыкамі, праверылі іх дакументацыю, гісторыю і прадукцыю і прэзентавалі нашыя знаходкі адпаведным дзяржаўным ведамствам. З сабраных доказаў вынікае, што дзяржатамнагляд і дзяржбуднагляд, насуперак закону, заплюшчваюць вочы на недахопы ў кваліфікацыі падрадчыкаў, хаця тыя спрычыняюць надзвычайныя здарэнні, такія як леташняе падзенне корпусу рэактара. Мы выявілі, што, каб зэканоміць на будаўніцтве, улады замовілі рэактар для будучай АЭС у фірмы, якая ні разу дагэтуль не вырабляла рэактараў.

Урадоўцы, аднак, сцвярджаюць, што беларуская АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ. Што гэта за стандарты і што на гэта сама МАГАТЭ? І чаму некаторыя суседзі Беларусі занепакоеныя нашай атамнай станцыяй больш, чым іншыя?

Каб не дапусціць паўтарэння Чарнобыльскай аварыі, праз два гады пасля трагедыі, Міжнародная агенцыя атамнай энергетыкі запусціла механізм гэтак званых «Экспертных місіяў» – для ацэнкі бяспекі дзейных і, перадусім, будаваных АЭС і прафілактыкі магчымых аварыяў. Беларускія ўлады сцвярджаюць, што напоўніцу карыстаюцца гэтым механізмам. Апаненты АЭС кажуць адваротнае.

Дзе ж праўда?

Першае, што неабходна разумець – насуперак меркаванню, распаўсюджанаму ў шырокім грамадстве, МАГАТЭ не з’яўляецца міжнародным рэгулятарам мірнага атаму. Заклікаць і патрабаваць яно можа толькі ў справе ядравай зброі. Наконт атамных электрастанцый ёсць шэраг міжнародных канвенцый, у прыватнасці – аб ядравай бяспецы, ад 1994 году. Але невыкананне гэтых умоваў не прадугледжвае аніякіх санкцыяў.

«Сама МАГАТЭ – у вельмі хісткім становішчы. Ёй ніхто нічога ня вінен у пытаннях мірнага атаму – яна запрошаны бок. Таму яна вымушаная дзякаваць за любы крок Менску і ўсю сваю крытыку ўпакоўваць у рэкамендацыі», – кажа палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман.

Агенцыя толькі прапануе краінам-членам свае паслугі ў выглядзе экспертных місіяў, якія можна запрашаць, а можна не запрашаць. Вывучаюць гэтыя місіі выключна тыя пытанні, аб якіх іх просіць краіна, якая прымае.

«Мы можам дапамагчы ў тым, каб выкарыстоўваць ядравую энергетыку бяспечна і без таго, каб павялічваць пагрозу незаконнага распаўсюду атамных тэхналогіяў», – распавядае дырэктар МАГАТЭ Юкія Амано.

З прыблізна двух дзясяткаў магчымых місіяў МАГАТЭ, Беларусь вырашыла скарыстацца толькі 5-цю. Тры з іх ужо завяршылі працу, яшчэ дзве маюць прыехаць у наступным годзе – непасрэдна перад запускам АЭС. Для параўнання, Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, якія будуюць сваю першую АЭС адначасова з нашай, запрасілі да сябе 15 місіяў – утрая больш, чым Менск.

Што нам удалося высветліць у ходзе перапіскі з МАГАТЭ?

Адсутнасць жорсткай крытыкі з боку МАГАТЭ тлумачыцца тым, што, у рамках дзейнага міжнароднага права, арганізацыя ня можа нічога патрабаваць ад краін у справе іх мірнай ядравай праграмы, нават, калі нешта і выклікае іх занепакоенасць. Але, як вынікае з дакументаў, прадстаўленых нам ядравым агенцтвам, гэта ня значыць, што занепакоенасці няма.

Першая місія МАГАТЭ прыязджала ў Беларусь 2012 годзе – яшчэ да пачатку будаўніцтва і ацэньвала папярэднюю падрыхтаванасць інфраструктуры нашай краіны да атамнай энергетыкі.

«Правялі ацэнку інфраструктуры па 19-ці базавых параметрах. Туды ўваходзяць ня толькі тэхнічныя пазіцыі. Туды таксама ўваходзіць заканадаўства, сістэма менэджменту, сістэма падрыхтоўкі кадраў, радыяцыйная абарона, радыяцыйная бяспека. Мы выявілі шэраг момантаў, дзе мы рэкамендуем узмацніць і палепшыць тую практыку, якая ёсць у Беларусі», – гаворыць намеснік гендырэктара МАГАТЭ Аляксандр Бычкоў.

Палітычны аспект

Асноўны недахоп, які выявіла першая місія МАГАТЭ ў Беларусі, гэта – адсутнасць належнага кантролю за якасцю будаўніцтва. У прыватнасці, тлумачыцца ў справаздачы, хоць Беларусь і мае намінальных рэгулятараў Дзяржатамнагляд і Дзяржбуднагляд – але яны занадта залежныя ад палітычных ды эканамічных ведамстваў, каб забяспечваць належны кантроль.

«Калі браць праекты, якія развіваюцца ў краінах еўрапейскага саюзу, там менавіта, паводле настойвання рэгулятара мяняецца і сам праект, мяняецца і бяспека гэтых праектаў і іншыя рэчы. Менавіта паводле настойвання рэгулятара», – мяркуе амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас.

Наступная місія, якая працавала летась, канстатавала ўсё тую ж праблему. Т.б., за чатыры гады яна не была выпраўленая.

«Падзенне таго ж корпусу рэактара. Мы дагэтуль ня бачым афіцыйнай нейкай высновы ці рэкамендацый самога рэгулятара. Мы бачым каментары падрадчыка і замоўцы – Росатаму і мінэнерга. Але ролі самога рэгулятара ў расследаванні гэтых інцыдэнтаў, у празрыстасці іх. Гэтага няма, на жаль», – дадае літоўскі дыпламат.

Адмыслоўцы тлумачаць – прынцыповага вырашэння гэтай праблемы ў агляднай будучыні не прадбачыцца.

«Беларусы прызвычаіліся да вертыкальнай схемы кіравання. Беларуская ўлада, паводле савецкай традыцыі, ня ўмее дэлегаваць свае паўнамоцтвы», – кажа Шрайбман.

Эмбарга беларускай электраэнергіі

Адметна, што нават у справаздачы місіяў з Арабскіх Эміратаў, якія, як і Беларусь, не зʼяўляюцца прыкладам заходняй дэмакратыі, да тамтэйшага рэгулятара МАГАТЭ такіх прэтэнзіяў ці рэкамендацый не выказвае. У адказ, у тым ліку, і на гэтыя асцярогі Літва пагражае заблакаваць экспарт электраэнергіі з Астравецкай АЭС і сцвярджае, што заручылася ў гэтай справе падтрымкаю Латвіі і Эстоніі. Пра эмбарга электраэнергіі з беларускай АЭС сёлета заявіла і Польшча.

«Літва сказала вельмі ясна, што не збіраецца купляць электраэнергію з абʼектаў, якія не зʼяўляюцца бяспечнымі, бо будуецца не паводле нормаў міжнародных», – гаворыць літоўскі амбасадар Андрус Пулокас.

Штопраўда, мяркуюць некаторыя адмыслоўцы, пратэсты Вільні супраць беларускай АЭС выкліканыя ня толькі асцярогамі адносна яе бяспекі.

«Першыя гады меркаванне Літвы і яе нейкія заклапочанасці ігнараваліся, асабліва, калі параўнаць з сённяшнім фарматам. І вось з тых часоў пайшла вось гэтая напружанасць, якая, нават пры адсутнасці рэальных аргументаў, Літва ўжо ня можа пагасіць. Яна проста злуецца», – адзначае Шрайбман.

Афіцыйная Вільня, у сваю чаргу, зазначае, што хоць беларускія ўрадоўцы і пачалі хадзіць на фармальныя сустрэчы з літоўскімі калегамі ў пытанні БелАЭС, але істотнай інфармацыі стала не нашмат болей. Асноўную праблему замежныя партнёры бачаць у тым, што місіі МАГАТЭ ў Беларусь вывучаюць толькі законы і інфраструктуру. А вось што тычыцца самога працэсу будаўніцтва: а ў прыватнасці – якасць пляцоўкі, выбар матэрыялаў, кваліфікацыя дастаўцаў і падрадчыкаў – усё гэта Менск трымае пад строгім сакрэтам.

«Мы прапануем беларускаму боку запрасіць поўную місію МАГАТЭ. І асабліва тую частку місіі, якая б ацэньвала крытэры падбору самой пляцоўкі», – тлумачыць Пулокас.

Экскурсіі на БелАЭС

На будаўнічую пляцоўку ў Астравец возяць усіх наведнікаў з МАГАТЭ. Але гэтыя паездкі маюць выключна статус экскурсіяў. Чальцы місіяў не зʼяўляюцца адмыслоўцамі ў будаўніцтве і ня маюць права нешта праверыць. Спецыялізаваныя ж місіі МАГАТЭ – па бяспецы і якасці будаўніцтва – не запрашаюцца, а калі нейкі аспект будоўлі хаця б часткова падпадае пад мандат тых інспекцыяў, што прыязджаюць вывучаць іншыя пытанні, то іх мандат уразаецца. Гэтак было з апошняй – трэцяй місіяй МАГАТЭ, якая працавала на пачатку гэтага году.

«SEED-місія МАГАТЭ не разглядала пытання выбару будаўнічай пляцоўкі. Нашую агенцыю беларускі бок аб гэтым не прасіў, а патрабаваць інфармацыю, чыніць нейкі ціск у гэтым плане мы ня маем права», – гаворыць прадстаўнік МАГАТЭ Хуан Карлас Лентыха.

Між тым, паводле ацэнак МАГАТЭ – менавіта кантроль за якасцю будаўніцтва зʼяўляецца найслабейшым бокам беларускай ядравай праграмы. Гэта пацвердзіла і нашае расследаванне. Як выявілася, на будаўнічай пляцоўцы АЭС, дзяржатамнагляд, насуперак закону дапускае на абʼект неатэставаных падрадчыкаў, што ўжо спрычыніла шэраг надзвычайных здарэнняў. У прыватнасці – падзенне корпусу рэактара. Пляцоўка ж, паводле афіцыйных беларускіх дакументаў, якія былі прадстаўленыя нашай рэдакцыі, у мінулым стагоддзі зазнала землятрус сілай 7 балаў па шкале Рыхтэра.

Што вынікае на гэтым этапе доследу? Тое, што Беларусь не дапускае міжнародных адмыслоўцаў да будаўніцтва АЭС – няпраўда. Менск запрасіў пяць місіяў МАГАТЭ, а тры з іх ужо завяршылі працу. Штопраўда, допуск гэты – вельмі абмежаваны. Іншыя навічкі ў ядравай энергетыцы запрашаюць у разы больш экспертных групаў.

Але тое, што беларуская АЭС адпавядае стандартам МАГАТЭ – таксама няпраўда. Бо шэраг момантаў: выбар пляцоўкі, працэс будаўніцтва і якасць матэрыялаў, абсталявання ды падрадчыкаў – Менск не дазваляе агенцтву ацаніць. Між тым, паводле высноваў тых місіяў МАГАТЭ, якія ўсё ж былі запрошаныя, менавіта ў гэтай галіне могуць хавацца найвялікшыя праблемы. А канкрэтна – тое, што беларускі дзяржатамнагляд, на іх думку – ня цалкам здольны выконваць сваю функцыю па забеспячэння бяспекі будаўніцтва. Чаму ж на гэта ідуць беларускія ўлады?

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Каментары